Памёр баскетбаліст Іван Ядэшка
У Маскве памёр легендарны савецкі баскетбаліст родам з Беларусі Іван Ядэшка. Яму быў 81 год.
Іван Ядэшка. Фота: «Прессбол»
Іван Ядэшка нарадзіўся 25 сакавіка 1945 года ў вёсцы Сцяцкі Гродзенскага раёна. Заняткі спортам пачынаў з бокса ў Гродне, але яго высокі рост прыцягнуў увагу дзіцячага баскетбольнага трэнера Анатоля Марцінкевіча, які запрасіў яго ў сваю секцыю. Пазней заняткі з падлеткам працягнуў Якаў Фруман.
Пазней Ядэшка пераехаў у Мінск, выступаў у 1960 гадах за каманду «Спартак», пазней за баскетбольную каманду Мінскага радыётэхнічнага інстытута.
У 1970 годзе быў мабілізаваны ў войска і пачаў выступаць за маскоўскі клуб ЦСКА пад кіраўніцтвам славутага трэнера Аляксандра Гомельскага. У складзе ЦСКА спартсмен стаў васьміразовым чэмпіёнам СССР і пачаў гуляць за зборную.
У гісторыю сусветнага баскетбола Іван Ядэшка ўвайшоў дзякуючы знакамітаму эпізоду ў фінале Алімпійскіх гульняў 1972 года ў Мюнхене. У апошнія секунды матчу супраць зборнай ЗША ён зрабіў далёкую перадачу Аляксандру Бялову, які забіў пераможны мяч. Дзякуючы гэтаму зборная СССР упершыню выйграла алімпійскае золата ў мужчынскім баскетболе.
Акрамя алімпійскага тытула, Іван Ядэшка быў чэмпіёнам свету, двойчы станавіўся чэмпіёнам Еўропы. Пасля заканчэння кар'еры баскетбаліста ён працаваў трэнерам. У часы яго кіраўніцтва камандай ЦСКА ў 1992 годзе яна стала чэмпіёнам Расіі. У 1993 годзе працаваў галоўным трэнерам ліванскага клуба «Спортынг», які стаў чэмпіёнам краіны. З 1998 па 2000 год узначальваў юніёрскую зборную Расіі. Быў таксама галоўным трэнерам моладзевай зборнай Расіі.
Чытайце таксама:
Памерла рэстаўратарка і майстрыха выцінанкі Валянціна Слюнчанка