На Барысаўшчыне 79‑гадовая пенсіянерка спрабавала спаліць дом з унукам і яго дзяўчынай
Бабуля лічыла дзяўчыну кепскай парай для ўнука.
У вёсцы Кімія Барысаўскага раёна 79‑гадовая жанчына здзейсніла спробу падпалу дома — ёй не падабаўся выбар унука, піша «Мінская праўда».
Па інфармацыі СК, у ноч на 28 ліпеня пажылая жанчына, незадаволеная раманам свайго ўнука з мясцовай жыхаркай, прыйшла да дома дзяўчыны і паленам разбіла шыбу. Тады яе супакоіла суседка, і пенсіянерка сышла.
Аднак пазней, калі маладыя людзі вярнуліся і глядзелі тэлевізар, бабуля прыйшла зноў, абліла памяшканне праз разбітае акно гаручай вадкасцю і падпаліла.
Дом з маладымі людзьмі не згарэў, бо хлопец з дзяўчынай яшчэ не спалі і здолелі хутка патушыць агонь.
Жанчына затрыманая і не адпрэчвае сваёй віны.
Аказалася, што раней яна ўжо мела судзімасць за падпал.
Супраць пенсіянеркі распачата крымінальная справа за замах на наўмыснае знішчэнне маёмасці, ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.