БЕЛ Ł РУС

Ці згнілі «Джылі»? Яшчэ й як згнілі! Вось як выглядае Geely Atlas Pro пасля трох беларускіх зім

30.07.2026 / 10:00

Максім Мазыркевіч

Віцебская майстэрня, якая займаецца кузаўным рамонтам аўто і антыкаразійнай апрацоўкай кузава, паказала, што сталася з паркетнікам Geely пасля трох беларускіх зім.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

На відэа паказаны Geely Atlas Pro 2022 года з прабегам 95 тысяч кіламетраў.

Нягледзячы на тое, што чатырохгадовы паркетнік перажыў усяго тры зімы, днішча аўтамабіля мае шмат ачагоў карозіі.

«А знізу тут усё — ужо торба, купа ржы. З сутыкаў металу ідзе ржа, усё лушчыцца, плюс у схаваных поласцях сітуацыя такая самая», — кажа майстар і паказвае, як шмат карозіі ў аўто 2022 года выпуску.

Скрыншоты з відэа: pegas.avto / Instagram

На відэа бачна, што на днішчы не засталося ніводнага элемента, які б не зачапіла карозія.

Шмат карозіі таксама на бэльках і іншых элементах кузава. Іржа не пашкадавала ланжэронаў і ўзмацняльнікаў.

Апроч месцаў, дзе карозія ўжо прыкметна раз'ела метал, на гэтым Geely не бракуе месцаў, дзе лакафарбавы слой толькі нядаўна адваліўся і ўтварыў месцы з аголеным металам.

Скрыншоты з відэа: pegas.avto / Instagram

Адметна, што карозія ідзе перш за ўсё ў месцах, дзе ідуць мацаванні, што асабліва небяспечна ў будучыні, калі карозія раз'есць метал.

Скрыншоты з відэа: pegas.avto / Instagram

Не менш жахліва выглядаюць колавыя аркі. Каб не давесці да таго, каб праз яшчэ некалькі беларускіх зім гэтую Geely давялося варыць, уласніку мусова выкласці нямала грошай на выдаленне ржы з наступнай грунтоўкай і антыкаразійнай апрацоўкай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула