На якім баку насамрэч лепш спаць?
Гэта можа ўплываць не толькі на якасць сну, але і на страваванне, работу сэрца, дыханне і нават працэсы, якія адбываюцца ў мозгу.
Фота: Andrea Piacquadio / pexels.com
З падрабязнасцямі знаёміць Biology Insights.
Незалежна ад таго, на якім з бакоў чалавек спіць, такая поза лічыцца адным з найбольш эфектыўных спосабаў паменшыць храп і палегчыць праявы абструктыўнага апноэ сну. Каб не пераварочвацца ў сне, выкарыстоўваюць спецыяльныя падушкі або нават просты тэнісны мяч, замацаваны на спіне піжамы.
Яшчэ адна магчымая перавага сну на баку звязаная з работай мозгу. Падчас сну ў мозгу больш актыўна працуе сістэма, якая выводзіць прадукты абмену. Яна дапамагае пазбаўляцца, у тым ліку, ад такіх бялкоў, як бэта-амілоід і таў, якія назапашваюцца цягам дня і звязваюцца з развіццём хваробы Альцгеймера.
Даследаванні паказваюць, што сон на баку можа спрыяць больш эфектыўнай цыркуляцыі спіннамазгавой вадкасці і, адпаведна, лепшаму «ачышчэнню» мозгу, чым сон на спіне або жываце. Аднак навукоўцы падкрэсліваюць: шмат важнейшая за позу дастатковая працягласць сну, бо недасыпанне пагаршае гэты працэс незалежна ад становішча цела.
Недахопы сну на баку
Працяглы ціск на плячо, сцягно і бакавую частку грудной клеткі можа выклікаць боль і нават запаленне плечавога сустава (бурсіт), асабліва ў людзей, якія ўжо маюць праблемы з плячом. Каб паменшыць нагрузку, спецыялісты раяць мяняць бок цягам ночы, выкарыстоўваць матрац, які добра размяркоўвае вагу, і класці падушку паміж каленямі для падтрымання правільнага становішча хрыбта.
Яшчэ адзін мінус — так званыя «маршчыны сну». Яны ўзнікаюць праз тое, што твар гадзінамі прыціскаецца да падушкі, і адрозніваюцца ад мімічных маршчын. Паводле спецыялістаў, такія маршчыны нельга прыбраць ботаксам, бо іх прычына не ў скарачэнні мышцаў.
Дэрмальныя філеры могуць часова іх згладзіць, але сапраўднай прафілактыкай лічацца сон на спіне або выкарыстанне спецыяльнай падушкі. Калі ж змяніць звыклую позу не ўдаецца, шаўковая або атласная навалачка можа крыху запаволіць утварэнне такіх зморшчкаў.
Сон на левым баку
Калі выбіраць паміж левым і правым, то ў большасці выпадкаў спецыялісты раяць левы бок. Гэта звязана з анатоміяй чалавека.
Калі чалавек ляжыць на левым баку, стрававод размяшчаецца вышэй за страўнік. Дзякуючы сіле цяжару страўнікавая кіслата лягчэй вяртаецца назад у страўнік, а не падымаецца ў стрававод і горла. Гэта можа значна паменшыць пякотку і іншыя сімптомы кіслотнага рэфлюксу.
Акрамя таго, у гэтым становішчы страўнік апаражняецца эфектыўней. Дзякуючы сваёй натуральнай форме ежа і стрававальныя сокі лягчэй перамяшчаюцца да выхаду са страўніка — прываротніка (пілоруса), а не затрымліваюцца каля ўваходу ў стрававод. Таму людзі, якія позна вячэраюць або маюць запаволенае страваванне, пасля сну на левым баку нярэдка адзначаюць меншы дыскамфорт.
Выбіраць левы бок падчас сну медыцынскія арганізацыі ва ўсім свеце рэкамендуюць цяжарным жанчынам, асабліва ў другім і трэцім трыместрах. Справа ў тым, што па правай частцы хрыбта праходзіць ніжняя полая вена — вялікі сасуд, які вяртае кроў ад ніжняй паловы цела да сэрца. Па меры росту маткі яна можа прыціскаць гэтую вену, калі жанчына ляжыць на спіне або на правым баку.
Сон на левым баку дазваляе пазбегнуць такога ціску. У выніку лепшае вяртанне крыві да сэрца, узмацняецца працяканне крыві праз плацэнту, а плод атрымлівае больш кіслароду і пажыўных рэчываў. Калі ж цяжарная прачнулася ў іншым становішчы, турбавацца не варта — дастаткова проста зноў павярнуцца на левы бок. Утрымаць такую позу падчас сну можа дапамагчы падушка, пакладзеная паміж каленямі.
Калі лепш спаць на правым баку
Аднак сон на левым баку пасуе не ўсім. Людзі з сардэчнай недастатковасцю нярэдка адзначаюць, што ў такім становішчы ім становіцца цяжэй дыхаць. Гэта звязана з тым, што сэрца размешчана крыху злева ад цэнтра грудной клеткі.
Калі чалавек ляжыць на левым баку, змяняецца нагрузка на сэрца і асаблівасці яго напаўнення крывёй, што можа ўзмацняць дыхавіцу. Таму многія пацыенты інтуітыўна аддаюць перавагу сну на правым баку.
Які бок усё ж выбраць?
Як паказваюць даследаванні, і левы, і правы бок маюць свае перавагі. Таму галоўнае — падабраць позу, якая будзе найбольш камфортнай менавіта для вас і адпавядае вашаму стану здароўя.
Поза, у якой вы засынаеце, не абавязкова супадае з той, у якой вы застаяцеся. Большасць людзей на працягу ночы пераварочваюцца з боку на бок і часам варочаюцца на спіну. Не варта імкнуцца любым коштам усю ноч спаць у адной позе.
Лепш падбаць пра тое, каб спаць на баку было зручна. У гэтым дапамогуць правільна падабраныя падушка і матрац, а таксама падушка паміж каленямі або падушка для ўсяго цела, калі вы часта пераварочваецеся на спіну.
Урэшце найлепшая поза для сну — тая, якая дазваляе добра выспацца і прачнуцца без болю.
Чытайце таксама:
Ці карысны кароткі сон удзень?
Ваш генетычны «хранатып» можа растлумачыць, чаму так цяжка прачнуцца рана
Дзякуючы гэтаму вынаходніцтву можна спаць проста ў офісе
Сліпмаксінг: што стаіць за новым трэндам, які абяцае палепшыць якасць сну. І ці сапраўды ён працуе