БЕЛ Ł РУС

Мінгандлю зрабіў масавую праверку крамаў «Святлафор»

29.07.2026 / 14:21

Nashaniva.com

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) праверыла крамы сеткі «Святлафор» пасля таго, як са скаргамі звярнуліся неабыякавыя беларусы. У выніку правяральнікі выявілі парушэнні ва ўсіх гандлёвых аб'ектах, якія трапілі пад маніторынг, піша Smartpress.by.

Smartpress.by

Паводле звестак ведамства, часцей за ўсё ў крамах адсутнічалі абавязковыя тавары, не было цэннікаў, а пакупнікам не паведамлялі неабходную інфармацыю пра прадукцыю. Гэта датычылася ў тым ліку тавараў, якія фасаваліся непасрэдна ў краме.

Акрамя таго, правяральнікі выявілі прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Напрыклад, у Іванаве Брэсцкай вобласці з продажу знялі адразу тры віды мясной прадукцыі агульнай вагой 94,5 кілаграма. Іх кошт перавышаў 760 рублёў.

Паводле дадзеных Гандлёвага рэестра, на сённяшні дзень у Беларусі працуе каля 190 крам гэтай сеткі.

У Гомелі без пазначанага тэрміну прыдатнасці і неабходнай інфармацыі прадаваліся кандытарскія вырабы прыкладна на 290 рублёў і фарш «Фірмовы» коштам 19 рублёў. У адной з мінскіх крам аналагічныя парушэнні выявілі пры продажы сыроў на суму каля 320 рублёў.

МАРГ запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя парушэнні і забараніў рэалізацыю часткі прадукцыі. Юрыдычную асобу паабяцалі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула