Беларусы здымаюць вогненныя пародыі на ролік са школьнікам, які палоў бульбу — далучыліся ратавальнікі, метрапалітэн і «Купалаўцы» ВІДЭА
Зорны шлях школьніка з Мазыра Вадзіма Ходзіка, які паэтычна распавёў пра палоцце бульбы ў студатрадзе і скарыў сацсеткі, працягваецца. Пародыі на яго маналог не зрабіў толькі лянівы, а самога хлопца ўжо запрасілі зняцца ў рэкламе банка.
Будучы 10‑класнік Вадзім Ходзік, вучань сярэдняй школы №16 Мазыра, пасля выхаду сюжэта пра студэнцкі атрад, які працаваў на праполцы бульбы на палях эксперыментальнай базы «Крынічная» ў Мазырскім раёне, нечакана прачнуўся знакамітым.
«Працую ў студатрадзе першы раз — усё выдатна. На палях мы тут збіраем, пустазелле вырываем, якая трава іншая. Бульбу не чапаем. Ходзім па палях. Ва ўсіх ёсць свая дарожка. Усё выдатна тут. Умовы ўсе супер. Працуем. Так, я кажу, тут ва ўсіх першы раз амаль. Усё выдалі. Робу. Вада. Усё маецца. Кепкі, пальчаткі. Усё выдатна», — пасміхаючыся апісваў у сюжэце хлопец.
Рэчытатыў Вадзіма пачалі накладваць на музыку групы «Крывасцёк» і рабіць з ім мемы — напрыклад, такія, пра антыдэпрэсанты.
Таксама беларусы актыўна запісваюць пародыі на непаўторны арыгінал. Вельмі актыўна праявілі сябе дзяржаўныя прадпрыемствы.
На «Нафтане» пахваліліся тым, што яны выконваюць даведзены план.
Ратавальнікі нагадваюць пра важнасць сваёй працу — ратаваць людзей і здымаць коцікаў з дрэваў.
А вось трэнд у выкананні фельдшаркі хуткай дапамогі.
Парадыруючы адначасова і чыноўнікаў і школьніка студатрада, да трэнду далучыўся і дуэт вольных купалаўцаў «Чын Чын Чэнэл». У відэа Міхась Зуй у вобразе расказвае пра тое, як беларускія чыноўнікі бавяць лета.
Мінскі метрапалітэн таксама ў тэме.
Работнікі «Піца Лісіца» клянуцца, што дастаўляюць выключна цёплую ежу.
А вось максімальна набліжаная да арыгінала гісторыя пра працоўнае лета жыхара хутара, блогера Рудзі.
Альфа Банк жа адразу вырашыў гуляць па-буйному і запрасіў Вадзіма Ходзіка зняцца ў роліку, у якім той дапамог расказаць пра абнаўленні дадатку банка на iOS.