БЕЛ Ł РУС

Канал губазікаўцаў абвяргае інфармацыю пра спробу атручвання арабскага блогера ў Беларусі

29.07.2026 / 12:21

Nashaniva.com

Інфармацыя пра спробу атручвання ў Беларусі арабскага рускамоўнага блогера Ібрагіма Мусу, калі той знаходзіўся ў гасцях на дні нараджэння палесцінскага сябра, з'явілася ў тэлеграм-канале Мусы. Цяпер канал, створаны губазікаўцамі, сцвярджае, што такога выпадку наогул не было. 

Ібрагім Муса. Скрын відэа

Канал «Голос арабов», які вядзе Ібрагім Муса, апублікаваў днямі інфармацыю, пра спробу атручвання блогера і што трагедыі ўдалося пазбегнуць дзякуючы ўважлівасці самога Ібрагіма, камеры назірання ў доме і дзеянням сястры імянінніка.

Паводле паведамлення, двое мужчын ліванскага паходжання нібыта спрабавалі атруціць кальян, які прызначаўся для Ібрагіма. Паводле гэтай версіі, ён зрабіў толькі невялікую зацяжку, але заўважыў нешта падазронае і адмовіўся працягваць. Сястра гаспадара дома, заўважыўшы, што з кальяна нешта выцякае, забрала яго.

Далей аўтар паста сцвярджае, што адзін з нападнікаў нібыта спрабаваў стрэліць у Ібрагіма з блізкай адлегласці, але прамахнуўся. Пасля гэтага аўтар тэксту пераследаваў яго і затрымаў да прыезду іншых людзей і міліцыі. Другога падазраванага, паводле апісання, удалося выявіць па запісах камер назірання, пасля чаго абодвух затрымалі.

У паведамленні гаворыцца, што супраць мужчын можа быць распачатая крымінальная справа за спробу забойства. 

Паводле версіі аўтара, прычынай нападу сталі палітычныя погляды Ібрагіма Мусы і яго крытычныя выказванні на адрас Ірана і былога кіраўніцтва краіны.

Афіцыйнага абвяржэння гэтай інфармацыі не было, але канал, звязаны з губазікаўцамі і сумна вядомым Артурам Гайко, паведаміў, што такога здарэння не было і нікога не затрымлівалі.

«Апісаных падзей не фіксуецца, мэта распаўсюджвання выдуманага інцыдэнту не зразумелая», — піша канал. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула