БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка: ЗША выдатна разумеюць, што мы можам, а што не

28.07.2026 / 12:46

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што перспектывы ў адносінах з ЗША «нядрэнныя», і перадаў прывітанне спецпрадстаўніку ЗША Джону Коўлу і яго «чароўнай жонцы». 

Беларусь мае намер прытрымлівацца адкрытай пазіцыі і не круціць у адносінах з ЗША. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 ліпеня, прымаючы з дакладам пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова.

Адносіны Беларусі і ЗША, іх дынаміку і перспектывы Лукашэнка ацаніў як «нядрэнныя».

Ён падкрэсліў, што на перамовах з прадстаўнікамі ЗША «чотка і адназначна» патлумачыў амерыканскаму баку пазіцыю Беларусі: што магчыма і на што краіна не пойдзе.

«Я патлумачыў пра нашы адносіны перш за ўсё з нашай Расіяй, з КНР, ды і з Іранам. Шмат мы закраналі тэм, — сказаў Лукашэнка. — Мы ніколі не круцілі і ў дыпламатычныя тэрміны не хавалі сваю пазіцыю. Ад гэтага сёння і выйграем. Яны выдатна разумеюць, у тым ліку спадар Коўл, што мы можам, а што не».

«Мы гэтага курсу будзем прытрымлівацца далей. Такой прыстойнасці, адкрытасці і нашай адкрытай пазіцыі», — заявіў Лукашэнка.

Звяртаючыся да Рыбакова, Лукашэнка сказаў: «На тваю галаву выпаў і гонар, і вялікая-вялікая праца па наладжванні адносін паміж ЗША і Беларуссю. У цесным кантакце працуеш з Джонам Коўлам. Перадай яму найлепшыя пажаданні і яго чароўнай жонцы».

«Абстаноўка, якая складаецца ў нашых адносінах, і асабліва дынаміка і перспектывы — нядрэнныя», — дадаў ён, характарызуючы адносіны Беларусі і ЗША.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула