БЕЛ Ł РУС

Сенсацыя ў свеце тэнісу: Сабаленка згуляе ў пары з Джокавічам на US Open

28.07.2026 / 12:44

Nashaniva.com

Арганізатары Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе (US Open) абвясцілі склады тандэмаў у спаборніцтвах змешаных пар. Галоўнай сенсацыяй турніру абяцае стаць сумеснае выступленне беларускі Арыны Сабаленкі і серба Новака Джокавіча, піша The New York Times.

Фота: Graham Denholm/Getty Images 

Пра тое, што першая ракетка свету Арына Сабаленка можа згуляць у пары з легендарным сербам Новакам Джокавічам, гаварылі яшчэ на пачатку года.

39‑гадовы Джокавіч — 24‑разовы чэмпіён турніраў Вялікага шлема. Раней ён быў першай ракеткай свету сярод мужчын і ўтрымліваў гэтае званне рэкордныя 428 тыдняў. Цяпер ён займае пяты радок сусветнага рэйтынгу.

Тэнісісты сябруюць і перыядычна трэніруюцца разам. Яны таксама рэгулярна жартуюць адзін з аднаго ў сацыяльных сетках і ладзяць танцавальныя чэленджы.

Для Сабаленкі гэта будзе першы выступ у міксце з сакавіка 2024 года. Тады яна гуляла ў пары з амерыканцам Тэйларам Фрыцам на паказальным турніры ў Індыян-Уэлсе. Дарэчы, сёлета Фрыц выступіць у тандэме з галоўнай саперніцай Арыны — казахстанскай тэнісісткай Аленай Рыбакінай.

Спаборніцтвы ў змяшаным разрадзе на US Open пройдуць за тыдзень да старту асноўнай сеткі турніру — з 24 па 26 жніўня. Асноўны этап чацвёртага ў сезоне турніру серыі Вялікага шлема стартуе ў Нью-Ёрку 30 жніўня.

У індывідуальным разрадзе Сабаленка, якая з'яўляецца першай ракеткай свету, выйгравала US Open у 2024 і 2025 гадах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула