Вынеслі прысуд 54 абвінавачаным па справе махлярскіх кол-цэнтраў
Кіраўнікі кол-цэнтраў асуджаныя на тэрміны ад 6 да 11,5 года пазбаўлення волі.
Ілюстрацыйнае фота
Мінскі гарадскі суд вынес вырак 54 абвінавачаным па справе махлярскіх кол-цэнтраў. Абвінавачваліся кіраўнікі і ўдзельнікі міжнароднай злачыннай арганізацыі, офісы якой знаходзіліся ў Маскве, Бішкеку і Мінску, паведамляе Генпракуратура.
Махлярскія кол-цэнтры дзейнічалі ў 2017—2024 гадах. Іх ахвярамі сталі жыхары краін СНД і ЕС.
Схема падману базавалася на прапанове атрымання пасіўнага даходу за кошт інвеставання грошай у фінансавыя праекты, якіх не існавала.
Пацярпелых пераконвалі пералічваць грошы на рахункі, якія кантраляваліся арганізацыяй. Агульны памер нанесенай шкоды перавысіў 2 мільёны рублёў.
Суд прызнаў абвінавачаных вінаватымі ў «кіраванні структурнымі падраздзяленнямі злачыннай арганізацыі, удзеле ў яе дзейнасці ў любой іншай форме і махлярскім завалоданні маёмасцю ў буйным і асабліва буйным памерах, учыненым арганізаванай групай».
Кіраўнікі асуджаныя на тэрміны ад 6 да 11,5 года пазбаўлення волі са штрафамі ад 1 тысячы да 10 тысяч базавых велічынь (45 тысяч — 450 тысяч рублёў).
Радавым удзельнікам прызначаныя пакаранні ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрміны ад 3 гадоў 3 месяцаў да 7 гадоў 6 месяцаў са штрафамі ад 600 да 4000 базавых велічынь (27 тысяч — 180 тысяч рублёў).
Суд задаволіў пазоўныя патрабаванні пацярпелых — з абвінавачаных салідарна ў лік кампенсацыі матэрыяльнай шкоды спагнана больш за 2,2 млн рублёў, а таксама 15 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.
Чытайце таксама:
«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў