БЕЛ Ł РУС

Ахвотным паехаць па бязвізе ў М'янму трэба быць акуратнымі з мабільнымі тэлефонамі

27.07.2026 / 20:38

Nashaniva.com

Беларусам, якія плануюць паездку ў М'янму, з якой нядаўна быў устаноўлены бязвізавы рэжым, варта ўлічваць новыя правілы ўвозу мабільных тэлефонаў, папярэджвае Нацыянальнае агенцтва па турызме.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Улады М'янмы ўзмацнілі кантроль за выкарыстаннем замежных смартфонаў. Іншаземцы, якія прыязджаюць у краіну з тэлефонамі, што раней не працавалі ў мясцовых мабільных сетках, павінны зарэгістраваць свае прылады ў Цэнтральным рэестры ідэнтыфікацыі абсталявання (CEIR).

Праз м'янманскія міжнародныя аэрапорты Янгона, Нейп'ідо і Мандалая пасажырам дазваляецца ўвозіць не больш за два мабільныя тэлефоны на працягу года. У гэтую колькасць уваходзіць і той апарат, якім чалавек карыстаецца падчас уезду ў краіну.

Калі смартфон не зарэгістраваны ў сістэме CEIR, яго неабходна задэклараваць на мытні. Для гэтага турыст павінен запоўніць пасажырскую дэкларацыю і пазначыць IMEI-нумары ўсіх мабільных прылад.

Калі незарэгістраваным тэлефонам карыстацца ў М'янме больш за 30 дзён, спатрэбіцца прайсці дадатковую рэгістрацыю, заплаціць устаноўлены падатак і падаць неабходныя дакументы. Калі гэтага не зрабіць, уладальніку смартфона можа пагражаць штраф.

Для рэгістрацыі спатрэбяцца заява ў CEIR, копія пашпарта, пасадачны талон, авіябілет і арыгінал мытнай дэкларацыі.

Новыя патрабаванні ўведзеныя для кантролю за выкарыстаннем мабільнага абсталявання ў краіне і барацьбы з нелегальным увозам тэлефонаў. Падарожнікам рэкамендуюць загадзя праверыць статус сваіх прылад перад паездкай у М'янму.

Пагадненне між Беларуссю і М'янмай пра адмену віз набыло моц 8 ліпеня 2026 года. Цяпер грамадзяне Беларусі з дзейнымі нацыянальнымі пашпартамі змогуць знаходзіцца ў гэтай краіне не больш за 30 дзён запар. Агульны бязвізавы тэрмін знаходжання не можа быць большы за 90 дзён на працягу года. Тое ж самае тычыцца грамадзян М'янмы — яны таксама змогуць знаходзіцца 30 дзён у Беларусі без візы.

Пры гэтым варта ўлічваць, што М'янма — адна з найбольш жорстка аўтарытарных і недэмакратычных краін не толькі ў Азіі, але і ў свеце. Таму тым грамадзянам Беларусі, якія жывуць па-за межамі сваёй краіны і маюць падставы асцерагацца палітычна матываванага пераследу на радзіме, з'яўляцца на яе тэрыторыі вельмі рызыкоўна. 

Чытайце таксама:

Беларусь адкрые пасольства ў М’янме

Беларуску вызвалілі з цэнтра анлайн-махлярства ў М’янме

Візіт Лукашэнкі ў М'янму працягваўся 3 гадзіны 40 хвілін

Былая лідарка М'янмы Аун Сан Су Чжы пераведзена пад хатні арышт, заявілі вайскоўцы

Каментары да артыкула