БЕЛ Ł РУС

Пры атацы на турбазу ў акупаванай Кірылаўцы Запарожскай вобласці загінуў супрацоўнік Раскамнагляду, які ўдзельнічаў у «СВА», і яго дзеці

27.07.2026 / 13:42

Nashaniva.com

Падчас удару па базе адпачынку ў акупаваным пасёлку Кірылаўка Запарожскай вобласці загінуў кіраўнік мясцовага ўпраўлення Галоўнага радыёчастотнага цэнтра 54‑гадовы Міхаіл Іванаў і двое яго непаўналетніх дзяцей, паведамілі ў Раскамнаглядзе. Загінулы чыноўнік больш за 20 гадоў служыў у расійскім войску. 

«З глыбокім болем паведамляем пра гібель Міхаіла Уладзіміравіча Іванова — начальніка ўпраўлення Запарожскай вобласці філіяла ФДУП «Галоўны радыёчастотны цэнтр» у Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі — і яго непаўналетніх дзяцей… Калектыў Федэральнай службы па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый і Федэральнага дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Галоўны радыёчастотны цэнтр» выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Міхаіла Уладзіміравіча, Каці і Андрэя — у гэтую цяжкую гадзіну мы сумуем разам з вамі», — гаворыцца ў паведамленні Раскамнагляда.

Узрост загінулых дзяцей не называецца. 

Таксама атрымала раненні жонка Іванова, яе даставілі ў бальніцу.

Міхаілу Іванову было 54 гады, піша «Астра». Ён служыў ва УС РФ больш за 20 гадоў, а з мая 2023 года ўзначальваў упраўленне ГРЧЦ па Запарожскай вобласці.

З верасня 2025‑га да сакавіка 2026 года Іваноў удзельнічаў у «СВА».

ГРЧЦ — падведамасны Раскамнагляду Галоўны радыёчастотны цэнтр, які кантралюе выкарыстанне радыёчастот і працу сродкаў сувязі ў Расіі.

У ноч на 25 ліпеня Украіна атакавала базу адпачынку ў акупаванай Кірылаўцы на Азоўскім моры. Загінулі 12 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей. Пацярпелі 19. Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу аб тэракце.

Украінскае выданне «РІА Південь» з Мелітопаля піша, што знішчаныя базы адпачынку «Алеон» і «Белуга» выкарыстоўваліся расійскімі вайскоўцамі.

Паводле даных журналістаў, на базе «Алеон» размяшчаліся расійскія афіцэры, а ў «Белузе» спыняліся сілавікі і вайсковае кіраўніцтва. Пры гэтым выданне пацвярджае, што ў некаторых пакоях жылі цывільныя асобы. Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула