БЕЛ Ł РУС

Пры будаўніцтве дамоў у Гомелі ставяць боксы для кандыцыянераў — але ад гэтага жыхарам будзе толькі горш

27.07.2026 / 12:40

Nashaniva.com

Новыя дамы ў Гомелі пачалі рабіць са спецыяльнымі кошыкамі для кандыцыянераў дзеля захавання вонкавага выгляду фасадаў. Аднак гэта стварае праблемы для жыльцоў, піша «Флагшток».

Новабудоўля на вуліцы Косарава ў Гомелі. Фота: «Моцныя Навіны»

Падчас будаўніцтва новых дамоў у Гомелі пашыраюць практыку ўстаноўкі боксаў для кандыцыянераў на фасадзе. Адзін з прыкладаў — шматпавярховікі на вуліцы Косарава, на якія звярнулі ўвагу «Моцныя Навіны».

Новаўвядзенне пракаментавалі ў сацсетках мясцовыя спецыялісты і адзначылі, што яно не зробіць мантаж тэхнікі прасцейшым для жыхароў — наадварот:

«Кошыкі размешчаныя ў максімальна невыгодных месцах, што вядзе да падаражання мантажу кандыцыянера і яго далейшага абслугоўвання. І такая сітуацыя ва ўсіх дамах па горадзе, дзе прадугледжаныя такія «паляпшэнні». Знешні выгляд — так, але для гаспадара кватэры — не».

Спецыялісты патлумачылі, што звычайныя мантажнікі не дацягнуцца да боксаў, таму і для ўстаноўкі, і для абслугоўвання кандыцыянера давядзецца замаўляць паслугі прамысловага альпініста.

Мяркуючы з дзяржзакупак, дамы на Косарава ўзводзіў Гомельскі домабудаўнічы камбінат, а само ноў-хаў перанялі з Расіі, адзначылі ў каментарах.

Там таксама даўно крытыкуюць новаўвядзенне і наглядна тлумачаць, чым яно абернецца на практыцы: жыхары ўсталёўваюць кандыцыянеры проста пад вокнамі, а боксы застаюцца пустымі.

Новабудоўля ў Маскве. Скрыншот відэа

Пад адным з відэа патлумачылі:

«Ёсць такое паняцце стандартны мантаж — вонкавы блок пад акно. На відэа — устаноўка ў кошык з альпіністам, сума павялічваецца на кошт паслугі. І далей усе рухі з вонкавым блокам, дазапраўка, чыстка — заўсёды будзе альпініст».

З такім меркаваннем у каментарах пагадзіліся і дадалі:

«Танней паставіць пад акно, таму што кошыкі ў недаступным з акна месцы стаяць. Альпіністы і аўтавышкі каштуюць кучу грошай, і для абслугоўвання таксама зноў за доступ кучу бабла адвальваць трэба, а пад акном або збоку ад акна ў даступным месцы ўсталёўваць лягчэй і танней, і можна лёгка абслугоўваць кліматычную тэхніку».

У Беларусі для ўстаноўкі кандыцыянера неабходна атрымліваць узгадненне ў мясцовай ЖКГ. Таму жыхароў дамоў з боксамі могуць абавязаць ставіць кандыцыянеры толькі ў кошыкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула