Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы
Якім будзе найбольш працяглы пуцеправод, ці правядуць метро ў «Паўночны бераг», і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт? Пра перамены, якія чакаюць Цэнтральны раён, піша «Мінск-Навіны».
Жыллё
Плануецца, што да 2045 года колькасць насельніцтва раёна павялічыцца на 100 тыс. чалавек. Гэтаму паспрыяе жыллёвае будаўніцтва.
Асноўныя пляцоўкі забудовы — межы вул. Арлоўскай — Гая — Шчадрына, са зносам дамоў сядзібнага тыпу. А таксама ўзвядзенне ЖК «Паўночны Бераг», дзе прадугледжана стварыць каля 4 млн кв.м. жылля.
Паралельна там ідзе будаўніцтва вулічна-дарожнай сеткі і аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. У жылым комплексе размесцяць дзве электрычныя падстанцыі, дзякуючы чаму ў 80% новых будынкаў ацяпленне і падагрэў вады будуць ажыццяўляцца пры дапамозе электрычнасці.
Там жа, на скрыжаванні вул. Выгоцкага і П. Мядзёлкі, узводзяць два вялікія шматкватэрныя дамы для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і шматдзетных сем’яў. Адзін здадуць у канцы гэтага года, другі — у першым квартале 2027-га.
Акрамя таго, у раёне вул. Нававіленскай будуюць ЖК «Левада», які плануецца цалкам здаць за найбліжэйшыя тры гады.
Вядуць і капітальны рамонт старога жыллёвага фонду. У 2025‑м абнавілі больш за 77 тысяч кв.м. у 18 дамах. У 2026 годзе прадугледжана адрамантаваць 16 дамоў агульнай плошчай 62 тысяч кв.м.
Упарадкаванне
— Прадугледжана фінансаванне з павелічэннем аб’ёму для бягучага рамонту вулічна-дарожнай сеткі. У 2025‑м на васьмі вуліцах замянілі верхні пласт асфальту, — расказаў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Валерый Вараніцкі.
Апроч гэтага, прынята рашэнне замест штогадовага ямачнага рамонту цалкам памяняць пакрыццё на дваровых тэрыторыях. Такім чынам у мінулым годзе ўпарадкавалі 120 двароў.
Дарогі і эстакады
Згодна з Генеральным планам, вул. Нававіленскую працягнуць да МКАД. Каб пазбегнуць затораў, яе пашыраць да трох палос у кожным кірунку. Паралельна абсталююць сучасныя пешаходныя зоны з веладарожкамі. Рэалізацыя праекта пазначаная на найбліжэйшыя некалькі гадоў.
А вось да рэканструкцыі Даўгінаўскага і Старавіленскага трактаў ужо прыступілі. Першы пашыраюць ад завулка Чарвякова і працягваюць да праспекта Машэрава. На Старавіленскім пераносяць трамвайнае кальцо.
Работы разбітыя на тры этапы. Першы ўжо рэалізаваны: дыспетчарская станцыя «Возера» пайшла ў гісторыю, а разваротнае кальцо абсталявалі за палацам дзяцей і моладзі. Другі этап — пашырэнне ўчастка дарогі па лініі існых трамвайных рэек. У фінале зоймуцца рэканструкцыяй скрыжавання вул. Арлоўскай і Даўгінаўскага тракту, уключаючы развязкі і новыя з’езды, звязаныя з будаўніцтвам новых станцый метро.
На ўчастку Старавіленскага тракту ад палаца дзяцей і моладзі да вул. В. Слуцкай павялічаць колькасць палос, мадэрнізуюць палатно, палепшаць развязкі і скрыжаванні. Поўнае завяршэнне рэканструкцыі плануецца да канца 2027-га.
У гэтай жа частцы раёна ідзе пашырэнне і рэканструкцыя вул. Л. Карастаянавай з працягам яе да МКАД. Адзін участак ужо ўвялі ў эксплуатацыю. Усе работы плануецца закончыць у наступным годзе. Гэтыя меры знімуць транспартную нагрузку з кірунку ў бок «Паўночнага Берага», які развіваецца.
Працягваюцца работы па ўзвядзенні развязкі паміж вул. Ціміразева і Калеснікава. Новая шасціпалосная эстакада злучыць Цэнтральны і Фрунзенскі раёны і стане адной з найбольш працяглых у Мінску — яе даўжыня складзе каля 380 м.
Метро
Адразу некалькі станцый трэцяй і чацвёртай ліній падземкі пабудуюць у Цэнтральным або ў непасрэднай блізкасці да яго. Гэта станцыі ў раёне скрыжавання Даўгінаўскага тракту і вул. Арлоўскай, на пр. Машэрава і ў Вяснянцы.
А вось у «Паўночны Бераг» метро не павядуць: не дазваляюць якасць грунту і ўзровень грунтавых вод. Каб стварыць для жыхароў ЖК зручную транспартную лагістыку, будзе забяспечаны падвоз электратранспартам да новых станцый метро.
Культура і спорт
Хутка прыме першых наведвальнікаў Нацыянальны музей Беларусі. Вакол будынка працягваецца ўпарадкаванне парку.
На стадыі праектавання знаходзіцца фізкультурна-аздараўленчы цэнтр для экстрэмальных відаў спорту на вул. Нарачанскай. Ён будзе разлічаны на круглагадовую працу. Тут прадугледжаныя зоны для заняткаў скейтбардыстаў, пляцоўкі для брэйк-дансу і ролікаў, батутныя залы.
Усяго ў раёне больш за 100 аб’ектаў розных кірункаў знаходзяцца на стадыі будаўніцтва або праектавання.