Беларус гнаў па Аўстрыі з хуткасцю 200 кіламетраў у гадзіну: спяшаўся дадому
Прынамсі так ён патлумачыў свае паводзіны аўстрыйскай паліцыі.
Аўтамагістраль Westautobahn у Аўстрыі. Ілюстрацыйнае фота: wikipedia.org
36‑гадовы беларус ехаў у Аўстрыі з хуткасцю да 201 км/г — у выніку застаўся без аўто, паведамляе Kronen Zeitung.
Патруль аўтадарожнай паліцыі звярнуў увагу на Audi A5, кіроўца якога пастаянна занадта блізка пад’язджаў да іншых машын. Спачатку яго зафіксавалі на аўтамагістралі Westautobahn на хуткасці 196 км/г пры дазволеных 130 км/г, а потым на хуткасці 201 км/г пры дазволеных 100 км/г.
Калі яго спынілі на зоне адпачынку, мужчына патлумачыў паліцыі, што проста спяшаўся дадому — ён жыве ў Польшчы.
У выніку ў беларуса часова забралі вадзіцельскае пасведчанне, аўтамабіль часова канфіскавалі. У якасці залогу з яго спагналі 2430 еўра.