У султана Брунея каля 7000 аўтамабіляў за 5 мільярдаў даляраў пыляцца ў сховішчах
Султан Брунея Хасанал Балкіях лічыцца ўладальнікам адной з найбуйнейшых аўтамабільных калекцый у свеце. Паводле розных ацэнак, яна налічвае каля 7000 машын агульным коштам прыкладна 5 мільярдаў даляраў, піша supercarblondie.com.
У калекцыі ёсць не толькі серыйныя мадэлі, але і ўнікальныя аўтамабілі, створаныя спецыяльна па індывідуальных заказах султана. Акрамя таго, Хасанал Балкіях з'яўляецца ўладальнікам самай вялікай у свеце пацверджанай калекцыі аўтамабіляў Rolls-Royce — больш за 600 машын, што занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса.
Аднак значная частка гэтай калекцыі ўжо шмат гадоў знаходзіцца ў закрытых ангарах і практычна не выкарыстоўваецца. Некалькі гадоў таму ў інтэрнэце з'явіліся фотаздымкі сховішчаў, якія паказалі, што многія аўтамабілі пакрытыя пылам і, верагодна, доўгі час не абслугоўваліся.
Паводле розных паведамленняў, султан валодае адразу некалькімі экземплярамі многіх рэдкіх мадэляў. У яго ёсць як мінімум восем Ferrari F40, калекцыя Porsche 959 розных колераў, чатыры Bugatti EB110, а таксама ад васьмі да адзінаццаці McLaren F1 — у залежнасці ад крыніцы інфармацыі.
Таксама калекцыя ўключае 361 Bentley, сярод якіх усе шэсць пазадарожнікаў Bentley Dominator, створаных выключна для султана. Акрамя гэтага, у яго ёсць шэсць Ferrari Enzo, пяць Ferrari FX, восем Jaguar XJ220 і пяць Ferrari F90.
Асобнае месца займаюць эксклюзіўныя аўтамабілі, якіх не існуе ў іншых уладальнікаў. Напрыклад, адзін з Ferrari F90 быў таемна распрацаваны дызайнерам Pininfarina Энрыка Фумія спецыяльна для султана.
Большасць аўтамабіляў у калекцыі маюць індывідуальныя мадыфікацыі, а многія былі вырабленыя ў адзіным экзэмпляры.
Чытайце таксама:
Ці шмат у свеце засталося кіраўнікоў дзяржаў, якія прыйшлі да ўлады раней за Лукашэнку?
Самы прыгожы ў свеце прынц вырашыў ажаніцца
Кароль Малайзіі вярнуўся дахаты з пуцінскага парада з расійскім лімузінам