БЕЛ Ł РУС

«Яндэкс Маркет» і Ozon пасля ўдараў па складах Wildberries таксама знялі з сябе адказнасць за страты тавараў пры атаках

22.07.2026 / 20:14

Nashaniva.com

Маркетплэйсы «Яндэкс Маркет» і Ozon змянілі ўмовы сваіх дамоў з прадаўцамі і ўдакладнілі, што не будуць несці адказнасць за страты тавараў у выпадку надзвычайных сітуацый, звязаных з ваеннымі дзеяннямі, ударамі беспілотнікаў і іншымі падобнымі падзеямі, піша The Moscow Times.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Яндэкс»

«Яндэкс Маркет» 20 ліпеня апублікаваў новую рэдакцыю дамовы аб размяшчэнні тавараў. Змены з’явіліся праз некалькі дзён пасля першых удараў па лагістычных цэнтрах Wildberries. У новым дакуменце кампанія вызваліла сябе ад адказнасці за поўнае або частковае невыкананне абавязацельстваў у выпадку форс-мажорных абставін.

У спіс такіх сітуацый цяпер уключаныя наступствы прымянення зброі, вайсковай тэхнікі, беспілотнікаў, боепрыпасаў і іх частак, а таксама абстрэлы, выбухі, тэракты і ваенныя дзеянні.

Акрамя таго, у новай версіі дамовы «Яндэкс Маркет» прыбраў пункт, паводле якога платформа павінна была неадкладна паведамляць другому боку пра наступленне форс-мажору і пацвярджаць факт такіх абставін.

Раней падобныя змены ўнесла і кампанія Ozon. З 1 ліпеня яна таксама вызваліла сябе ад патрабаванняў прадаўцоў, калі страты ўзніклі з-за ваенных дзеянняў, удараў беспілотнікаў, выбухаў, абстрэлаў або іншых надзвычайных абставін.

Wildberries яшчэ раней пашырыў пералік форс-мажораў, фактычна прызнаўшы атакі на свае склады падставай не выплачваць кампенсацыі за страчаны тавар.

У сярэдзіне ліпеня склады Wildberries у некалькіх рэгіёнах Расіі пацярпелі ад удараў і пажараў. Найбольш сур’ёзныя наступствы былі зафіксаваныя на лагістычных аб’ектах у Катоўску Тамбоўскай вобласці і Электрасталі Маскоўскай вобласці. Паводле паведамленняў, кампанія за адзін дзень страціла каля 10-15% сваіх складскіх магутнасцяў. Таксама паведамлялася пра пашкоджанні складоў у Падольску, Краснадары і Стаўрапольскім краі.

Кіраўніца Wildberries Таццяна Кім заявіла, што кампанія будзе падтрымліваць прадаўцоў, а таксама сем’і загінулых і пацярпелых.

Чытайце таксама:

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі — чацвёрты і шосты па велічыні

Фірма Modum захоўвала на складах Wildberries у Электрасталі і Катоўску траціну сваёй касметыкі

Падчас атакі БПЛА на склад Wildberries у Тамбоўскай вобласці пацярпеў беларус

Чаму Украіна ўдарыла па складах Wildberries і як усюдыісны маркетплэйс звязаны з расійскай арміяй

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Каментары да артыкула