БЕЛ Ł РУС

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

22.07.2026 / 20:49

Nashaniva.com

26‑гадовы мінчук Аляксей Лосеў мае ўсе шансы стаць самым маладым беларускім мультымільянерам, які ўсяго дабіўся сам. Праўда, ёсць нюансы. Незвычайная бізнэс-гісторыя разгортваецца ў сталіцы. 

Аляксей Лосеў

Аляксей Лосеў — знешне нічым не адметны малады мінчук. Нарадзіўся ў простай сям'і. Бацька, праўда, з судзімасцямі, але з ім хлопец і не рос. Выхоўваўся мамай. Скончыў школу, займаўся веславаннем, нават меў бронзавы медаль чэмпіянату Мінска ў сваім узросце.

Амаль адразу пасля заканчэння школы пачаў працаваць у «Мінск-Арэне» інструктарам. Паралельна, у 2020-м, адкрыў ІП. 

У канцы 2023 года Лосеў зарэгістраваў сваю першую кампанію. ТАА «Прайм Дыстрыб’юшн» займаецца анлайн-продажам кітайскіх вэйпаў — завозіла іх невялікімі партыямі, афармляла сертыфікаты. На піку ў Лосева афіцыйна працавалі шэсць чалавек.

Але роўна праз два гады нешта пайшло не так — «Прайм Дыстрыб’юшн» пайшла ў банкруцтва праз заяву падатковай Цэнтральнага раёна Мінска. Да Лосева выстаўленыя патрабаванні больш чым на 160 мільёнаў рублёў!

Пры гэтым стрэсці з яго ўдалося толькі каля 800 тысяч рублёў у выглядзе, як можна меркаваць, вэйпаў.

На гэтым прыгоды Лосева не скончыліся. Літаральна на днях у банкруцтва пайшла яшчэ адна яго кампанія, ТАА «Вэйп Экспарт», адкрытая ў сярэдзіне 2025-га. Зноў па заяве МНС Цэнтральнага раёна Мінска. Гэтым разам сума налічанай запазычанасці — больш за 43 мільёны рублёў.

Калі ў суме, то малады мінчук, па меркаванні падатковай, недаплаціў каля 205 мільёнаў рублёў (гэты $71 мільён у эквіваленце). Калі ўявіць, што гэтыя грошы рэальна былі нясплачаныя, а не з'яўляюцца вынікам крэатыўных налічэнняў падатковай, якая замест прыбыткаў, напрыклад, вырашыла налічыць падатак з усяго абароту, то Аляксея можна было б упэўнена лічыць самым маладым беларускім мультымільянерам. 

Праўда што, па матэрыялах апошняга суда, браць з Лосева няма чаго, а сам ён на судовыя пасяджэнні не ходзіць. Пры гэтым хлопец не за кратамі, ён знаходзіцца ў анлайне ў сацсетках.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула