БЕЛ Ł РУС

У Баранавічах паставілі нестандартны знак, на якім мужчына паўзе праз дарогу. Што гэта было?

22.07.2026 / 13:04

Nashaniva.com

Днямі ў мікрараёне «Паўночны» з'явіўся незвычайны дарожны знак з жартоўным папярэджаннем: «П'яныя людзі пераходзяць дарогу».

У абласной міліцыі патлумачылі, што гэта азначае. Высветлілася, што незвычайная інсталяцыя знаходзілася на закрытай тэрыторыі аднаго з гаражных кааператываў удалечыні ад дарог.

Некалькі дзён таму старшыня гаражнага кааператыва па ўзгадненні з яго членамі ўстанавіў металічную стойку. На ёй замацавалі самаробны жартоўны знак, інфармацыйную шыльду і пудзіла «Байкер». Члены кааператыва выкарыставалі гэтую кампазіцыю як мясцовую гумарыстычную славутасць, прычым яна ніякім чынам не перашкаджала рэальнаму дарожнаму руху.

Але нягледзячы на тое, што аб'ект знаходзіўся на закрытым зямельным участку, устаноўка любых самаробных канструкцый, якія імітуюць элементы арганізацыі дарожнага руху, не дапускаецца, зазначылі ў міліцыі.

Зараз металічная стойка цалкам прыбраная, а са старшынёй і членамі кааператыва была праведзена прафілактычная гутарка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула