БЕЛ Ł РУС

Егіпет уводзіць электронныя візы. Як сістэма будзе працаваць для беларусаў?

22.07.2026 / 08:43

Nashaniva.com

З 1 жніўня ў Егіпце ў пілотным рэжыме пачне працаваць сістэма лічбавых віз. Пакуль яна будзе дзейнічаць толькі ў аэрапорце Каіра.

Аэрапорт Каіра, фота Wikimedia Commons

У перспектыве сістэму плануюць укараніць і ў іншых аэрапортах краіны, паведаміў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.

Папяровыя візавыя налепкі ў пашпартах будуць скасаваныя. Замест іх турысты будуць атрымліваць QR-код, які неабходна паказаць падчас пашпартнага кантролю.

Аформіць яго можна будзе на афіцыйным сайце, праз мабільную праграму або з дапамогай аўтаматаў самаабслугоўвання ў залах прылёту.

Важны момант: аплата наяўнымі не прадугледжана — толькі банкаўскай карткай.

Дарэчы, турыстычныя кампаніі змогуць афармляць QR-код ад імя турыста за 48 гадзін да яго прыбыцця. Кошт візы не зменіцца і складзе 30 даляраў.

Да поўнамаштабнага ўкаранення электронных віз улады плануюць перайсці толькі пасля тэставання сістэмы ў Каіры. Тураператары падкрэсліваюць, што турысты, якія прыбываюць у жніўні, напрыклад, у Хургаду, будуць афармляць візы яшчэ паводле ранейшых правілаў.

У той жа час правілы ўезду для турыстаў, якія прылятаюць у Шарм-эш-Шэйх, пакуль не змяняюцца. Калі чалавек прыбывае на гэты курорт, не пакідае тэрыторыю Паўднёвага Сіная і знаходзіцца там не больш за 15 дзён, яму, як і раней, бясплатна ставяць у пашпарт так званы «сінайскі штамп». На гэтую катэгорыю турыстаў лічбавая сістэма не будзе распаўсюджвацца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула