БЕЛ Ł РУС

У беларускі клуб пераходзіць гуляць адзін з удзельнікаў нядаўняга мундыялю

21.07.2026 / 22:10

Nashaniva.com

Футбольны клуб «МЛ Віцебск» абвясціў пра падпісанне кантракта з вопытным іранскім абаронцам Міладам Махамадзі. Для беларускага футбола гэта адзін з самых гучных трансфераў апошняга часу, піша Times.by.

Мілад Махамадзі. Фота: МЛ ВИТЕБСК | ML VITEBSK, ВКонтакте

32‑гадовы футбаліст з'яўляецца гульцом нацыянальнай зборнай Ірана, за якую правёў ажно 78 матчаў. Ён удзельнічаў у трох чэмпіянатах свету, у тым ліку на мундыялі 2026 года, які прайшоў зусім нядаўна ў ЗША, Мексіцы і Канадзе.

На чэмпіянаце свету Махамадзі выходзіў на поле ў матчах групавога этапу супраць зборных Новай Зеландыі, Бельгіі і Егіпта. Усе тры сустрэчы завяршыліся ўнічыю з лікам 1:1. Аднак, хоць іранская каманда не пацярпела ніводнай паразы, гэтага ёй не хапіла для выхаду ў плэй-оф.

На клубным узроўні іранец раней выступаў за расійскі «Ахмат», бельгійскі «Генк», грэцкі АЕК і турэцкі «Адана Дэмірспор».

Раней склад «МЛ Віцебск» таксама папоўнілі бельгійскі паўабаронца Сілас Гнака, трансферны кошт якога ацэньваецца прыкладна на адзін мільён еўра, і нідэрландскі футбаліст Дэнілья Клеонізэ.

У еўракубках чэмпіён Беларусі ўжо закончыў выступленне ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, двойчы саступіўшы румынскай «Універсітаці». Цяпер віцябляне працягнуць барацьбу ў другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі канферэнцый, дзе іх спаборнікам стане чарнагорская «Суцьеска». Першы матч адбудзецца 23 ліпеня ў венгерскім Мезёкёвешдзе, дзе «МЛ Віцебск» прыме спаборніка ў статусе намінальнага гаспадара поля.

Чытайце таксама:

Сталі вядомыя магчымыя супернікі беларускіх клубаў у трэцім раўндзе Лігі канферэнцый

Клуб, з якім згуляе «МЛ Віцебск» у Лізе канферэнцый, названы ў гонар вялікай бітвы Другой сусветнай

Прызначаны трэнер «МЛ Віцебск»

Выхаванец «Аякса» перайшоў у «МЛ Віцебск»

Каментары да артыкула