Чатыры сцэнары транзіту ўлады ў Беларусі: эксперты ацанілі імавернасць кожнага з іх
Сцэнару «пактавай дэмакратызацыі» даюць менш за 3%.
Скрыншот з відэа
Цэнтр новых ідэй прадставіў вынікі новага даследавання, дзе прааналізаваны імаверныя сцэнарыі, трыгеры і ключавыя гульцы будучай змены ўлады ў Беларусі.
Для даследавання апыталі 29 экспертаў.
Транзіт да 2030 года лічаць імаверным 15% з іх, да 2035 — 60%, 2040 — 90%.
На думку экспертаў, найбольш верагодны старт адбудзецца праз кіраваную перадачу ўлады зверху (72%).
У даследаванні зафіксавана, што:
- галоўным трыгерам транзіту з’яўляецца стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі (79%), а таксама нестабільнасць у Расіі (38%);
- рэальную ўладу на першым этапе, найхутчэй, атрымаюць актары з унутрысістэмнага асяроддзя — дзейныя чыноўнікі (48%), сям’я Лукашэнкі (21%) або сілавікі (17%);
- беларускае грамадства і эліты пакуль дэманструюць пасіўнасць: 69% экспертаў чакаюць, што эліты зоймуць чакальную пазіцыю, а 55% лічаць, што грамадства прыме статус-кво.
Даследаванне паказвае, што Расія складзе галоўны знешні фактар і падтрымае любога геапалітычна прымальнага кандыдата (66%). Захад, у сваю чаргу, мае высокі запыт на змены, але пакуль не дэманструе гатоўнасці актыўна кіраваць працэсам.
Эксперты вылучаюць чатыры асноўныя сцэнарыі развіцця падзей:
- Аўтарытарная пераемнасць (32%) — базавы сцэнар змены першай асобы без глыбокай дэмакратызацыі.
- Геапалітычны гібрыд (31,6%) — манеўраванне часткі эліт паміж Масквой і Захадам.
- Акно для дэмакратызацыі (2,4%)— найлепшы, але малаімаверны сцэнар, які патрабуе аслаблення РФ і гатоўнасці рэфарматараў.
- Замарожванне або страта суб’ектнасці (34%)— найгоршы сцэнар з паглыбленнем расійскага кантролю.
Больш падрабязней азнаёміцца з інтэрактыўнай мадэллю можна тут.
Даследаванне падрыхтавалі Антон Раднянкоў, Рыгор Астапеня і Зміцер Крук.