Адна на 15 мільёнаў цяжарнасцей. У Аўстраліі нарадзіліся рэдкія аднаяйцавыя чацвярняты
У Аўстраліі жанчына нарадзіла рэдкіх аднаяйцавых чацвярнят, зачатых натуральным шляхам. У Каралеўскай жаночай бальніцы Брысбена такую цяжарнасць назвалі «надзвычай рызыкоўнай», піша Бі-бі-сі.
14 ліпеня, на 28‑м тыдні і чацвёртым дні цяжарнасці, з дапамогай кесарава сячэння на свет з'явіліся чатыры дзяўчынкі. Яны з'яўляюцца маназіготнымі чацвярнятамі — гэта значыць, што развіліся з адной аплодненай яйцаклеткі, якая падзялілася на чатыры эмбрыёны.
У бальніцы паведамілі, што для 34‑гадовай Джэнітар Наамоаны і яе мужа Джортама, якія ўжо выхоўвалі чацвярых дзяцей, навіна пра тое, што яны чакаюць чацвярнят, стала «велізарнай нечаканасцю».
Доктар Алекса Бендал, якая назірала цяжарнасць з самага пачатку, адзначыла, што адна-яйцавыя чацвярняты сустракаюцца прыкладна ў адной з 15 мільёнаў цяжарнасцей. Паводле яе слоў, тое, што ўсе чатыры плады мелі агульную плацэнту, з'яўляецца беспрэцэдэнтным выпадкам.
Акушэр-гінеколаг Бендал растлумачыла, што такая цяжарнасць звязана з вельмі высокімі рызыкамі. На 25‑м тыдні жанчыну шпіталізавалі, каб пастаянна назіраць за яе станам.
«Мы заўсёды казалі, што калі нам удасца працягнуць цяжарнасць да 28 тыдняў, гэта ўжо будзе вялікім поспехам», — сказала доктарка.
«Таму нараджэнне чатырох цудоўных і здаровых дзяўчынак на 28‑м тыдні — гэта неверагодна. Мы вельмі рады, што сталі часткай гэтай гісторыі», — дадала яна.
«Джэнітар з самага першага дня мужна пераадольвала ўсе выпрабаванні… Ёй цудам удалося пазбегнуць усіх ускладненняў і рызык — як для сябе, так і для сваіх дзяцей», — адзначыла Бендал.
Нованароджаных дзяўчынак назвалі Эмілі, Харыет, Кэтрын, а таксама Алекса — у гонар доктара Алексы Бендал. Яна назвала гэта вялікім гонарам.
Дзяўчынкі будуць знаходзіцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі для нованароджаных, пакуль не дасягнуць тэрміну даношанай цяжарнасці. Паводле слоў Бендал, цяпер яны «адчуваюць сябе надзвычай добра».
Іншым дзецям сям'і ад аднаго да дзесяці гадоў. Нядаўна маці запусціла анлайн-збор сродкаў, каб набыць як мінімум дзесяцімесны аўтамабіль.
Сям'і ўжо ўдалося сабраць 37 тысяч аўстралійскіх даляраў (каля 24 тысяч даляраў ЗША).
«Нашы чатыры каштоўныя цуды шчасліва нарадзіліся, і хоць нашы сэрцы перапоўнены ўдзячнасцю, рэальнасць догляду адразу за чатырма нованароджанымі прынесла выклікі, якіх мы ніколі не маглі сабе ўявіць», — напісала Джэнітар на старонцы збору сродкаў.
Чацвярняты, зачатыя натуральным шляхам, — надзвычай рэдкая з'ява. Паводле ацэнак медыкаў, верагоднасць такой цяжарнасці складае прыкладна адзін выпадак на 700 тысяч родаў.