БЕЛ Ł РУС

Вярхоўны суд Расіі прызнаў экстрэмісцкай арганізацыяй беларускіх «Кіберпартызан»

21.07.2026 / 13:06

Nashaniva.com

Таксама экстрэмісцкай прызнана група Silent Crow. Абедзве групы заяўлялі пра сваю датычнасць да маштабнага збою ў сістэмах «Аэрафлота», праз які авіяперавозчык быў вымушаны адмяніць дзясяткі рэйсаў.

У аэрапортах Расіі 28 ліпеня 2025 года адмененыя дзясяткі рэйсаў. Фота: сацыяльныя сеткі

«Суд пастанавіў задаволіць заяву генеральнага пракурора, прызнаць хакерскія групоўкі экстрэмісцкімі і забараніць іх дзейнасць у РФ», — абвясціў рашэнне суддзя Алег Бугакоў, піша РБК.

Найбольш вядомай сумеснай акцыяй Silent Crow і «Кіберпартызаны» стала атака на IT-інфраструктуру «Аэрафлота» 28 ліпеня 2025 года. Авіякампанія паведаміла пра збой інфармацыйных сістэм, які прывёў да масавай адмены і пераносу рэйсаў з Шарамеццева.

Хакеры сцвярджалі, што каля года знаходзіліся ўнутры карпаратыўнай сеткі перавозчыка, атрымалі доступ да камп'ютараў супрацоўнікаў і вялікіх масіваў інфармацыі, скапіявалі поўную базу даных гісторыі пералётаў і ўсталявалі кантроль над камп'ютарамі супрацоўнікаў.

Паводле іх версіі, было скапіявана 22 ТБ інфармацыі і знішчана 7 тысяч сервераў.

«Аэрафлот» гэтыя сцвярджэнні не пацвярджаў, а пазней Раскамнагляд заявіў, што інфармацыя пра ўцечку персанальных даных кліентаў або супрацоўнікаў не пацвердзілася.

Пасля ўступлення рашэння ў законную сілу дзейнасць абедзвюх груп будзе забаронена ў Расіі, а арганізацыя іх працы, удзел у іх дзейнасці і фінансаванне могуць пацягнуць адказнасць паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса аб экстрэмісцкай дзейнасці.

«Кіберпартызаны» яшчэ ў лістападзе 2021 года ў Беларусі былі прызнаныя тэрарыстычнай арганізацыяй.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула