БЕЛ Ł РУС

Адпачывальнікі: «Любанскія кар'еры пад забаронай, дарогі перакапаюць!» Ці сапраўды?

21.07.2026 / 11:21

Nashaniva.com

Любанскія крэйдавыя кар’еры — гэта ўнікальнае месца ў Беларусі, якое называюць «блакітнымі азёрамі» ці «беларускімі Мальдывамі» праз характэрнае бірузовае адценне вады. Улетку сюды з’язджаюцца беларусы, каб пабыць на прыродзе і зрабіць маляўнічыя фота. Але днямі ў Threads з’явілася трывожная інфармацыя: нібыта кар’еры апынуцца пад забаронай. Пра гэта паведаміла дзяўчына, якая прыехала туды адпачыць і пачула пра планы перакопаць дарогі вакол вадаёма. Ці праўда гэта, высвятляў Onlíner.

Любанскія кар'еры. Фота: Яндэкс Карты

Пост пра сітуацыю на кар’ерах выглядае так:

«Любанскія кар’еры пад забаронай! Дзяжураць ДАІ, МНС, леснікі. Стаіць шлагбаум і фотапасткі. З 20.07.2026, са слоў лесніка, прыгоняць спецтэхніку і перакапаюць усе аб’язныя дарогі».

Любанскі лясгас: «Ніхто доступ да мелавых кар’ераў не закрывае»

Onlíner звярнуўся ў Любанскі лясгас. Сітуацыю пракаментаваў галоўны ляснічы:

«Ніхто доступ да мелавых кар’ераў не закрывае. Наведванне лесу рэгулюецца згодна з класам пажарнай небяспекі. Вось сёння першы клас: на мелавыя кар’еры можна зайсці і заехаць на машыне. Калі абвешчаны трэці клас, то заходзіць можна, але заязджаць на машыне нельга. Чацвёрты і вышэйшы — нельга ні заязджаць, ні заходзіць, то-бок наведванне лесу закрытае.

Спецтэхніку мы сапраўды прыгонім, каб перакапаць усе аб’язныя дарогі, акрамя адной — якая ідзе з Камбіната будаўнічых матэрыялаў у бок Урэчча. Па ёй можна будзе і заехаць, і выехаць.

Сёлета на ёй нават зрабілі рамонт. Калі наведванне лесу будзе абмежаванае, шлагбаум будзе зачыняцца. Робіцца гэта для таго, каб не было тых ліхіх ездакоў, якія праз лес спрабуюць заехаць, нягледзячы на абмежаванні і штраф, які ім пагражае. У нас няма іншага шляху, акрамя як упарадкаваць гэты рух. Мы робім гэта кожны год».

Перад тым як ехаць на Блакітныя азёры, на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, у раздзеле пра Любанскі лясгас, можна праверыць клас пажарнай небяспекі. 

Купацца на Любанскіх мелавых кар’ерах забаронена. Гэта тэхнічны вадаём з абрывістымі берагамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула