БЕЛ Ł РУС

У акупаваным Крыме праз праблемы з мабільнай сувяззю вяртаюцца да таксафонаў

20.07.2026 / 22:04

Nashaniva.com

У акупаваным Расіяй Крыме пачалі ўсталёўваць вулічныя таксафоны, каб жыхары маглі выклікаць экстраныя службы падчас адключэнняў мабільнай сувязі. Першыя апараты з'явіліся ў Джанкоі, дзе мабільная сувязь цяпер працуе па графіку — двойчы на дзень па чатыры гадзіны, піша The Moscow Times.

Фота: адміністрацыя Еўпаторыі

Таксафоны размясцілі на некалькіх гарадскіх вуліцах. З іх можна бясплатна патэлефанаваць па нумары 112, а таксама выклікаць пажарную службу, паліцыю, хуткую дапамогу і аварыйную газавую службу. Паводле паведамленняў мясцовых уладаў, гэтыя апараты працуюць нават пры адсутнасці электрычнасці і мабільнай сеткі. Яшчэ адзін таксафон паставілі ў Еўпаторыі.

Апошнія тыдні многія гарады Крыма рэгулярна застаюцца без электрычнасці і вады. Расійскія ўлады, якія кантралююць паўвостраў, звязваюць гэта з ударамі па электрападстанцыях. Паведамляецца, што пакуль немагчыма скласці стабільныя графікі падачы электраэнергіі. У населеных пунктах таксама скарацілі вулічнае асвятленне і пачалі дастаўляць генератары туды, дзе адключэнні доўжацца працяглы час.

У Севастопалі мясцовыя ўлады прызналі, што больш не могуць прытрымлівацца ранейшага графіка падачы электрычнасці, а жыхарам параілі сачыць за паведамленнямі па радыё і загадзя зараджаць мабільныя тэлефоны ў спецыяльна арганізаваных пунктах.

Маштабныя перабоі з электра– і водазабеспячэннем у Крыме працягваюцца з канца чэрвеня. Пасля серыі ўдараў па аб'ектах інфраструктуры на паўвостраве быў уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі. Атакі на яго працягваюцца амаль штодня.

У Расіі раней таксама прапаноўвалі аднавіць сетку таксафонаў у сувязі з рэгулярнымі абмежаваннямі мабільнай сувязі, якія расійскія ўлады тлумачаць мерамі бяспекі.

Чытайце таксама:

Чаму Украіна ўдарыла па складах Wildberries і як усюдыісны маркетплэйс звязаны з расійскай арміяй

Пуціну далажылі пра аднаўленне кантролю над «сухапутным калідорам» у Крым

Украінцы знішчылі расійскі Су-24М на аэрадроме ў Крыме

У Крыме п'яная расійская паліцэйская насмерць збіла беларуса — і ўцякла з месца аварыі

Каментары да артыкула