Еменскія хусіты абвясцілі пра марскую блакаду Саудаўскай Аравіі
Прадстаўнік еменскага руху хусітаў заявіў пра пачатак марской блакады Саудаўскай Аравіі. Пра гэта ён сказаў у тэлеэфіры, паведамляе Reuters.
Еменскі баец-хусіт. Фота: AP Photo/Osamah Abdulrahman
Паводле заявы хусітаў, гэтая мера стала адказам на тое, што яны называюць «несправядлівай і жорсткай аблогай», якую Саудаўская Аравія нібыта праводзіць супраць іх ужо амаль 12 гадоў.
Напярэдадні хусіты нанеслі ракетныя ўдары па тэрыторыі Саудаўскай Аравіі. Яны заявілі, што гэта была рэакцыя на бамбардзіроўку аэрапорта ў Емене, які знаходзіцца пад іх кантролем. Таксама групоўка абвінаваціла Эр-Рыяд у парушэнні неафіцыйнага перамір’я, якое дзейнічала паміж бакамі з 2022 года.
Саудаўская Аравія выкарыстоўвае акваторыю Чырвонага мора для транспартавання нафты. Гэта адзін з найважнейшых сусветных гандлёвых маршрутаў, які злучае Азію і Еўропу і праходзіць каля берагоў васьмі дзяржаў, у тым ліку Емена.
Саудаўская Аравія на працягу многіх гадоў адыгрывае ключавую ролю ў кааліцыі, якая з 2015 года падтрымлівае міжнародна прызнаны ўрад Емена ў барацьбе супраць хусітаў.
Заява пра блакаду прагучала на фоне абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе, у тым ліку канфлікту паміж ЗША і Іранам і няўдалага пагаднення аб спыненні агню паміж гэтымі краінамі. Іран падтрымлівае хусітаў, а Саудаўская Аравія з’яўляецца адным з галоўных партнёраў Вашынгтона ў рэгіёне.
Чытайце таксама:
Іран заклікаў хусітаў быць гатовымі закрыць Баб-эль-Мандэбскі праліў
Свет на вайне. Летась зафіксавалі рэкордную колькасць канфліктаў з часоў Другой сусветнай