БЕЛ Ł РУС

За працу ў Аршанскім лясгасе школьнікам заплацілі па 100 рублёў замест абяцанай тысячы — бацькі і дзеці абураны

20.07.2026 / 17:43

Nashaniva.com

У Аршанскім лясгасе адказалі на прэтэнзіі.

Адзін са школьнікаў паскардзіўся ў Threads на несправядлівасць, з якой ён сутыкнуўся ў выніку супрацоўніцтва з Аршанскім лясгасам. Па яго словах, пры працаўладкаванні на прадпрыемстве абяцалі «каля тысячы рублёў», але пасля амаль месяца цяжкай працы на рукі ён атрымаў усяго 119.

«Гэта плявок у твар падлеткам, якія хацелі сумленна зарабіць летам», — скардзіўся школьнік. На такую ж несправядлівасць у сеціве паскардзіліся і бацькі іншых вучняў. Праўда, у лясгасе лічаць, што ўсё было згодна з дамовай.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: dzr.by

Хлопец, з якога пачалося абмеркаванне працы ў Аршанскім лясгасе, ужо выдаліў свой пост. У ім ён расказаў, што ўмовы працы для аформленых васьмікласнікаў і дзевяцікласнікаў былі «пякельнымі».

Школьнікам даверылі праполку елак, і тыя, па словах хлопца, былі «моцна зарослыя пустазеллем». Дадаткова праца выпала на моцны сонцапёк, але працаўнікам «выдалі нікчэмна мала вады».

Яшчэ адна маці школьніцы распавяла ў сацсетках, што асабіста прысутнічала на сходзе ў лясгасе, дзе дзецям паабяцалі заробкі па тысячы рублёў.

«Бацькі аплацілі харчаванне, аформілі за 20 рублёў картку, на якую мусіў пералічвацца заробак. Ужо ў першыя дні працы многія школьнікі адмовіліся [працягваць], бо гэта было цяжка. Засталіся самыя трывалыя. На другі ж тыдзень гэтыя дзеці пачулі, што атрымаюць не больш за 150 рублёў. Мы падумалі, што гэта толькі размовы. Але калі прыйшоў час разліку, усе былі ў шоку — максімальная аплата складала 139 рублёў. Мая дачка атрымала 79. Канечне, гэта несправядліва!»

Адзначым, што згодна з беларускім заканадаўствам, аплата працы няпоўнагадовых пры скарочаным графіку мусіць адбывацца тымі ж самымі тарыфамі, як і ў працаўнікоў адпаведных катэгорый пры поўным працоўным дні.

На сітуацыю адразу звярнулі ўвагу ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі, паабяцаўшы разабрацца.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», у Аршанскі лясгас завіталі кантрольныя органы з Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання — несправядлівасці ў разліках чыноўнікі не выявілі.

Аршанскі лясгас. Фота: orshales.by

Па словах ідэолага Аршанскага лясгаса Юрыя Моціна, да якога журналіст «Нашай Нівы» дазваніўся як прыватная асоба, «усе дамовы былі прачытаныя і падпісаныя».

«Пры ўмове выканання нормы — [праполкі] 900 квадратных метраў, яны б атрымалі 348 рублёў, але яны яе не выканалі. Дзеці працавалі ўсяго тры гадзіны на дзень. Я разумею, што не кожны такую працу здужае і што хочацца большага.

Але мы — дзяржаўная бюджэтная арганізацыя, мы не можам браць грошы з паветра — сярод іншага, нас пасля правярае Дзяржкантроль. Пры гэтым у нас не першы год працуюць маладзёны з БРСМ — яны занятыя па сем гадзін, і некаторыя з іх перавышаюць норму. Вядома, у такім выпадку яны атрымліваюць на рукі пад тысячу рублёў».

Ідэолаг таксама адзначыў, што пасля такіх «галаўных боляў» у райвыканкаме сумняваюцца ў тым, што захочуць далей супрацоўнічаць са школьнікамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула