Паліна Лур'е прадае ў Маскве кватэру Ларысы Долінай, за якую судзілася год
Яна прадае яе ўдвая даражэй, чым купіла.
Паліна Лур’е прадае тую самую кватэру ў Хамоўніках, за якую амаль год судзілася з Долінай. Кошт самага медыйнага лота на рынку маскоўскай нерухомасці пачынаецца ад 200 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 2,5 млн даляраў), піша Mash.
Паводле звестак Mash, пасля перамогі ў Вярхоўным судзе Лур’е так і не пераехала ў пяціпакаёвую кватэру плошчай 236 м². Для яе ўжо замовілі дызайн-праект і планавалі да лета пачаць рамонт, але работы так і не распачаліся. Цяпер уладальніца вырашыла прадаць жыллё — без лішняй агалоскі, бо баіцца сутыкнуцца з хваляй хейту.
Пры гэтым унутры па-ранейшаму захавалася абстаноўка Долінай: мэбля, інтэр’ер, антыкварыят, увесь рамонт, які артыстка рабіла для сябе, і нават паркет з ініцыяламі спявачкі.
Патэнцыйнага пакупніка Лур’е папрасіла правяраць праз юрыстаў. Цяпер абмяркоўваецца здзелка з маскоўскім мільянерам за 200 млн рублёў.
За кватэру Лур’е заплаціла 112 млн расійскіх рублёў. Пасля здзелкі Ларыса Аляксандраўна заявіла, што стала ахвярай махляроў. Пачалася доўгая судовая эпапея, якая завяршылася тым, што ў снежні 2025 года Вярхоўны суд вярнуў кватэру Лур’е.