БЕЛ Ł РУС

Якіх грыбоў сёлета ў лесе будзе найбольш?

19.07.2026 / 16:25

Nashaniva.com

Гэты год у Беларусі будзе ўдалым па ўраджайнасці грыбоў, прагназуюць у Інстытуце лесу Нацыянальнай акадэміі навук.

Белых грыбоў у лясах чакаецца дастаткова. Але найбольш будзе апенек. Фота: «Наша Ніва»

«Адзін з маркераў неблагой ураджайнасці грыбоў — гэта снежныя зімы», — патлумачыў «Спутніку» навуковы супрацоўнік сектара харчовых і лекавых рэсурсаў лесу Інстытута лесу Ігар Махавік.

Паводле яго слоў, пры добрым снежным покрыве вада назапашваецца ў лесе на ўсіх узроўнях, што і дае ў летне-асенні перыяд высокі ўраджай грыбоў.

«Гэты сезон будзе блізкім да сярэднешматгадовых значэнняў, а значыць удалым па ўраджайнасці», — сказаў навуковец.

Асаблівасць гэтага сезону — будзе шмат апенек. Гэта абумоўлена тым, што ў лясах пасля бураломаў была даволі вялікая колькасць вырубак і, адпаведна, валежнай драўніны.

Прагназуюць таксама добры ўраджай лісічак. Баравікі — на ўзроўні сярэдніх паказчыкаў. Падбярозавікаў можа быць болей, чым звычайна, а падасінавікаў, наадварот, меней — яны вельмі патрабавальныя да вады.

Самымі багатымі на грыбы ў Беларусі лічацца Віцебская вобласць, поўнач Мінскай вобласці, асобныя раёны ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула