У Гродне ноччу гарэла бальніца, больш за 250 пацыентаў і персаналу эвакуявалі
У Гродне ноччу ў адным з будынкаў бальніцы па вуліцы Абухава пачаўся пажар. Загарэлася адна з палат на пятым паверсе шасціпавярховага корпуса.
Ратаваць людзей спачатку пачаў сам персанал бальніцы.
Медыкі яшчэ да прыезду пажарных вывелі з палаты, якая гарэла, 5 чалавек. Гэтыя пацыенты не пацярпелі.
Супрацоўнікі МНС, выкарыстоўваючы спецыяльныя маскі, вынеслі з небяспечнай зоны яшчэ 6 чалавек.
Адначасова з тушэннем агню ратавальнікі правялі поўную эвакуацыю корпуса. З небяспечнага будынка вывелі 254 чалавекі, сярод якіх было 10 дзяцей. Сярод эвакуяваных пацярпелых няма.
Пажар быў ліквідаваны. На месцы здарэння працавалі 15 адзінак спецыяльнай тэхнікі МНС. Прычыны ўзгарання высвятляюцца.