Індыя ўпершыню запусціла ў космас прыватную ракету
У Індыі адбыўся першы ў гісторыі краіны запуск арбітальнай ракеты, распрацаванай прыватнай кампаніяй. Ракета Vikram-1, створаная кампаніяй Skyroot Aerospace, паспяхова стартавала 18 ліпеня з касмадрома імя Сатыша Дхавана на востраве Шрыхарыкота, паведамляе Reuters.
Ракета Vikram-1 на старце. Фота: Wikimedia Commons
У кампаніі паведамілі, што выпрабавальны палёт прайшоў паспяхова і ракета выканала сваю місію, стаўшы першым прыватным арбітальным носьбітам Індыі.
Ракета Vikram-1 мае вышыню каля 22 метраў і прызначаная для вываду на нізкую калязямную арбіту невялікіх спадарожнікаў. Яна можа дастаўляць у космас карысны груз масай да 350 кілаграмаў.
Падчас першага запуску ракета несла некалькі эксперыментальных грузаў, у тым ліку вырашчаны ў лабараторыі алмаз, рабатызаваныя прылады для выдалення касмічнага смецця, а таксама мініяцюрную залатую ракету.
Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі назваў запуск важнай падзеяй для касмічнай праграмы краіны. Паводле яго слоў, развіццё прыватнага сектара адкрывае новыя магчымасці для інавацый і будзе стымуляваць цікавасць моладзі да касмічных тэхналогій.
Індыя адкрыла свой касмічны сектар для прыватных кампаній у 2020 годзе, дазволіўшы ім распрацоўваць ракеты, спадарожнікі і ўдзельнічаць у касмічных місіях. У 2023 годзе краіна стала чацвёртай у свеце, якая паспяхова пасадзіла касмічны апарат на паверхню Месяца.
Чытайце таксама:
Астраномы ўпершыню знайшлі малекулу цукру ў пылавой хмары Млечнага Шляху
Як навукоўцы хочуць абараніць Зямлю ад сонечнай буры, здольнай вярнуць цывілізацыю ў каменны век
NASA шукае добраахвотнікаў для праграмы тэсціравання жыцця на Месяцы і Марсе