На Нарачы стаў тануць катамаран з пяццю асобамі на борце
На возеры Нарач пяць чалавек — трое дзяцей і двое дарослых — апынуліся ў небяспечнай сітуацыі, калі катамаран, на якім яны знаходзіліся, пачаў тануць, паведамляе Таварыства ратавання на водах.
Як паведамілі ў таварыстве, інцыдэнт заўважылі работнікі выратавальнай станцыі «Зубраня», якая кантралюе акваторыю каля аднайменнага дзіцячага лагера. Катамаран набраў вялікую колькасць вады і пачаў траціць сваю плывучасць.
Ратавальнікі неадкладна накіраваліся да судна і эвакуявалі ўсіх пяцярых людзей на выратавальным катары. Іх даставілі на бераг. Паводле наяўнай інфармацыі, ніхто не пацярпеў.