Журналіст Ігар Ільяш сустракае за кратамі другі дзень народзінаў. У яго моцна пагоршылася здароўе
Ігара ўтрымліваюць у бабруйскай калоніі №2. Што вядома пра ўмовы ўтрымання і здароўе палітвязня?
Палітвязень, журналіст Ігар Ільяш 18 ліпеня адзначае дзень нараджэння — яму споўнілася 38 гадоў. Ён ужо другі раз сустракае дзень нараджэння ў няволі, піша Радыё Свабода.
Ігара Ільяша ўтрымліваюць у бабруйскай калоніі № 2 з канца 2025 года. Што вядома пра ўмовы ўтрымання і здароўе палітвязня?
Жонка Ігара Ільяша, журналістка Кацярына Андрэева, расказала Свабодзе, што не мае з ім ні перапіскі, ні тэлефонных размоў, але падтрымлівае кантакт з крыніцамі, якія лічыць дасведчанымі ў справах мужа.
Паводле гэтых крыніц, пасля этапавання ў калонію здароўе Ігара Ільяша пагоршылася.
«Ён у агульнай складанасці ўжо адбыў у ШІЗА (штрафным ізалятары) каля 60 дзён. Адразу пасля прыбыцця ў калонію, падчас каранціну, двойчы трапляў у ШІЗА на 15 дзён, а пасля яго яшчэ як мінімум двойчы адпраўлялі туды. У бабруйскай калоніі, як мне расказалі, камеры ШІЗА маленькія і знаходзяцца ў паўпадвальным памяшканні. Там вельмі высокая вільготнасць, а месца для руху амаль няма. Пасля выхаду з ШІЗА Ігар адразу пачаў скардзіцца на ацёкі — у яго апухалі ногі і рукі. Потым яго накіравалі працаваць на перапрацоўку гумы, напрыклад шын.
Гэта таксама вельмі дрэнна адбілася на здароўі: ён пачаў адчуваць праблемы з каардынацыяй рухаў, асабліва правай рукі. А калі апошні раз выйшаў з ШІЗА, людзі бачылі, што ён кульгае. І, акрамя таго, праз ШІЗА ў яго рэзка пагоршыўся зрок», — расказала Кацярына Андрэева.
Яшчэ адным негатыўным наступствам для здароўя Ігара Ільяша яна назвала тое, што ён моцна схуднеў.
Кацярына тлумачыць гэта «мізэрным харчаваннем у калоніі» і тым, што Ігар, як чалавек, прызнаны «экстрэмістам», можа купляць прадукты ў турэмнай краме толькі на дзве базавыя велічыні і толькі тады, калі не знаходзіцца ў ШЫЗА.
Таксама Ігар пазбаўлены магчымасці атрымліваць прадуктовыя перадачы з волі, адзначыла Кацярына Андрэева.
Што датычыцца маральнага стану мужа, то тут Кацярына Андрэева непакоіцца менш.
«Яго здароўе — гэта тое, што мяне хвалюе пастаянна, а з усім астатнім, я ведаю, ён справіцца.
Маральны стан у яго добры. Ён шмат чытае кніг, у тым ліку знаходзіць сваю любімую гістарычную літаратуру. Ведаю, што паход у бібліятэку для яго важнейшы за паход у турэмную краму», — расказала Кацярына Андрэева.
«Не толькі мой Ігар, а ўсе палітвязні ва ўсіх калоніях чакаюць новага этапу перагавораў і таго, што яшчэ больш людзей выйдуць на волю. Ігар не губляе аптымізму, ён верыць, што гэта хутка скончыцца. Думаю, яму таксама дапамагае тое, што мы штодня разам у думках, што я яго чакаю. Гэта надае яму сілы, як і мне надавала сілы думка пра тое, што ён мяне падтрымлівае і чакае», — сказала Свабодзе жонка Ігара Ільяша, былая палітзняволеная Кацярына Андрэева.