БЕЛ Ł РУС

Беларус выгрыз кватэру памерлай сваячкі ў Пецярбургу, хоць стаяў у шостай чарзе спадчыннікаў

18.07.2026 / 10:25

Nashaniva.com

У судзе высвятлялі, хто памёр раней, яна ці яе муж, хоць трупы ўжо расклаліся.

Ленінскі праспект Санкт-Пецярбурга. Фота: Wikimedia.org

Маскоўскі раённы суд Санкт-Пецярбурга паставіў кропку ў працяглай судовай справе, галоўны прыз якой — 45‑метровая кватэра на Ленінскім праспекце Санкт-Пецярбурга коштам прыкладна $65—70 тысяч — урэшце дастаўся дваім далёкім сваякам нябожчыцы, адзін з якіх — грамадзянін Беларусі з Крычаўскага раёна Магілёўшчыны.

У чэрвені 2022 года ў пецярбургскай кватэры знайшлі целы жанчыны і яе мужа — абодва памерлі прыкладна ў адзін і той жа час, але праз моцнае раскладанне судова-медыцынская экспертыза не змагла вызначыць, хто з іх пайшоў з жыцця раней.

Але гэта аказалася галоўным пытаннем справы: калі б муж перажыў жонку хоць на дзень, ён паспеў бы стаць яе спадчыннікам, і кватэра пасля яго смерці дасталася б яго дачцэ ад іншага шлюбу — менавіта яна спачатку спрабавала забраць жыллё сабе.

Тым не менш суд вырашыў, што муж і жонка памерлі адначасова — а такія людзі паводле закона не маюць права на спадчыну. Такім чынам дачка мужа засталася зусім без прэтэнзій на кватэру.

Тым часам на спадчыну прэтэндавалі беларус з Крычаўскага раёна і яго стрыечны брат-грамадзянін Расіі — абодва называлі сябе стрыечнымі пляменнікамі нябожчыцы, сынамі яе стрыечнага брата. Даказаць роднасць афіцыйна было немагчыма: даваенны архіў актаў грамадзянскага стану ў Крычаўскім раёне не захаваўся, і суду давялося ўстанаўліваць сваяцтва ўскосна — праз аднолькавыя імёны і прозвішчы продкаў у розных дакументах і супадзенне месца нараджэння. Пры гэтым паводле Грамадзянскага кодэкса Расіі стрыечныя пляменнікі лічацца спадчыннікамі толькі шостай чаргі — самай далёкай катэгорыі роднасці, якая наогул мае права на спадчыну без завяшчання. І атрымліваюць яе толькі калі бліжэйшых спадчыннікаў проста няма.

У выніку суд прызнаў абодвух заяўнікаў законнымі спадчыннікамі і падзяліў кватэру пароўну — па 1/2 долі кожнаму, у тым ліку беларусу з Крычаўшчыны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула