БЕЛ Ł РУС

Ключавы перамоўшчык ЗША з Лукашэнкам пакідае сваю пасаду

17.07.2026 / 13:23

Nashaniva.com

Намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Усходняй Еўропы Крыстафер Сміт у найбліжэйшы час пакіне сваю пасаду. Гэты дыпламат курыруе ў Дзярждэпартаменце беларускі кірунак, некалькі разоў прылятаў у Мінск для перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам і ўдзельнічаў у вызваленні палітвязняў.

Крыстафер Сміт размаўляе са Святланай Ціханоўскай і Дзянісам Кучынскім, фота офіс Святланы Ціханоўскай

Інфармацыю пра хуткі сыход Крыстафера Сміта з пасады намесніка памочніка дзяржсакратара па справах Усходняй Еўропы «Люстэрку» пацвердзілі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Паводле адной з іх, дыпламат працягне сваю прафесійную кар'еру ў Малдове, але, імаверна, не ў структурах Дзяржаўнага дэпартамента.

Крыстафер Сміт — кар'ерны супрацоўнік вышэйшага звяна дыпламатычнай службы ЗША. Пасаду намесніка памочніка дзяржаўнага сакратара па справах Усходняй Еўропы ён займае з ліпеня 2023 года. Сміт валодае рускай і турэцкай мовамі. У 2022—2023 гадах ён быў намеснікам кіраўніка місіі ў пасольстве ЗША ў Кіеве.

На беларускім кірунку Сміт стаў адным з ключавых амерыканскіх дыпламатаў. У снежні 2023 года ён заяўляў, што «вельмі сумна назіраць за тым, як [Лукашэнка] распараджаецца Беларуссю дзеля дасягнення сваіх уласных карыслівых мэтаў», і падкрэсліваў, што ЗША гатовыя падтрымаць дэмакратычныя сілы ў прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей.

«Люстэрка» спытала ў дыпламатычнага дарадцы Святланы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, ці вядома беларускім дэмакратычным сілам пра магчымы сыход Сміта з пасады.

Суразмоўца адзначыў, што амерыканскі дыпламат працуе на гэтай пасадзе ўжо тры гады, таму ратацыя была б натуральнай і адпавядала б звычайнай кадравай практыцы. Пры гэтым Кучынскі падкрэсліў, што не можа ні пацвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю «Люстэрка».

— Што я магу сказаць з упэўненасцю, дык гэта тое, што дзе б спадар Сміт ні працягнуў сваю службу, Беларусь застанецца ў ягоным сэрцы. Ён — адзін з самых адданых, вопытных і дасведчаных прадстаўнікоў улады ЗША, якія працуюць па Беларусі і рэгіёне ў цэлым, і мы шчыра ўдзячныя яму за яго адданасць справе і падтрымку на працягу ўсіх гэтых гадоў, — заявіў дарадца Ціханоўскай.

Хто такі Крыс Сміт і чым ён займаўся на беларускім кірунку

З актывізацыяй дыялогу паміж Вашынгтонам і Мінскам у 2025 годзе Крыс Сміт стаў адным з галоўных перамоўшчыкаў.

Крыстафер Сміт з Таццянай Хоміч, Марыяй Калеснікавай і Антонам Раднянковым, фота прэс-служба Марыі Калеснікавай

У лютым 2025 года ён удзельнічаў у аперацыі па вывазе з Беларусі двух палітычных зняволеных і аднаго грамадзяніна ЗША. Дыпламат уваходзіў у склад групы, якая прыляцела ў Мінск, дзе сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынёй КДБ Іванам Церцелем.

Каментуючы гэтае вызваленне, Сміт заявіў, што гэта быў «аднабаковы жэст з боку ўладаў Лукашэнкі» і што той «нічога не атрымаў узамен».

Крыстафер Сміт злева ад Джона Коўла на перамовах з Лукашэнкам, фота прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Сам Лукашэнка таксама публічна згадваў амерыканскага дыпламата. У сакавіку 2026 года, кажучы пра перамовы з ЗША, ён адзначыў, што «галоўную ролю адыгрываў і цяпер, напэўна, адыгрывае Сміт».

У Офісе Святланы Ціханоўскай Крыстафера Сміта называлі «самым паслядоўным партнёрам у ЗША». Паводле слоў дарадцы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, у 2024—2025 гадах у іх адбылося восем асабістых сустрэч з амерыканскім дыпламатам у Вільні і Вашынгтоне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула