400‑тысячны артыкул апублікаваны на сайце «Нашай Нівы». А пра што былі 300-тысячны, 200-тысячны, 100-тысячны?
Беларускі летапіс ствараецца штодзень. Тут ёсць пра ўсіх: герояў і паскудаў, святых і зладзеяў, пакутнікаў і бонвіванаў, стоікаў і геданістаў, пурытан і дзяньгубаў. 400‑тысячны артыкул выпаў героям. А пра што расказвалі ранейшыя «круглыя»?
Вуліца Святога Ігната ў Вільні, з відам на кляштар дамініканцаў, дзе перад смерцю ўтрымлівалі Кастуся Каліноўскага. Гэта адзін з многіх адрасоў, дзе працавала «Наша Ніва»
Надзея і Уладзімір з Irdorath паведамілі пра нараджэнне сына. Гэтае паведамленне пра найлепшую з магчымых вестак — першынца ў творцаў фолк-гурта Irdorath, былых палітвязняў Надзеі і Уладзіміра Калачоў стала 400‑тысячным на сайце «першай беларускай газеты з рысункамі».
300‑тысячны артыкул з'явіўся ў 2022 годзе. Гэта было інфармацыйнае паведамленне «Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам Google, Meta і прадстаўнікамі Microsoft».
Гаворка была пра тое, што ў Нью-Ёрку падчас Генасамблеі ААН дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Google Сундарам Пічай і з віцэ-прэзыдэнтам Каранам Бхація, таксама з прэзідэнтам па глабальных справах кампаніі Meta (Facebook, Instagram, WhatsApp) Нікам Клегам.
Менш як чатыры гады заняло нам выдаць апошнюю сотню тысяч артыкулаў. Папярэдняя сотня тысяч стваралася амаль пяць гадоў. 200‑тысячны артыкул выйшаў у 2017 годзе. Гэта быў анонс «Deep Purple прыедуць у Беларусь з развітальным турам».
100‑тысячным артыкулам на сайце стаіць архіўны матэрыял з 2005 года — складаная рэфлексія «Застыглая краіна, або Вайна пакаленняў па-беларуску». А вось давайце прывядзём яе тут. Як вы яе ацэніце з гледзішча сённяшняга дня? Пішыце ў каментах. І, дарэчы, ці пазнаеце аўтара? Апублікаваная яна была за паўтара дзясятка гадоў да векапомнага 2020-га.
«Пакаленне тых, каму сёння пяты дзясятак, не выканала сваёй гістарычнай місіі.
Мы беларусы — людзі балота,
Дзеці стаячай вады,
Мы беларусы — ціхія людзі,
Дзеці нябачнай бяды.
Ян Капалла. «Дзеці і чэрці»
«Тут спыніўся час», — кажуць тыя, хто адсутнічаў у Беларусі 15 гадоў. «Мы вельмі задаволены жыццём і асабліва прэзідэнтам», — сцвярджаюць пенсіянеры. «Куды б збегчы ад такога маразму?» — думае большасць маладых людзей і шукае спосабы застацца за мяжой. Некаторыя не думаюць, а дзейнічаюць. 19‑гадовая дзяўчына зайшла пазычыць грошай да суседкі-пенсіянеркі і, не атрымаўшы іх, стукнула старую па галаве, ад чаго тая памерла. Два маладыя бэйбусы, што залезлі ў хату аднавясковак, паквапіліся на дзве пенсіі (амаль паўмільёна!), а забраўшы грошы, забілі гаспадынь ды падпалілі хату. Выпадковасць? Але такіх «выпадковасцей» становіцца ўсё больш у «ціхім балоце» нашых вёсак і малых гарадоў.
Маладыя паўстаюць супраць старых. Работы — няма, бацькі самі беспрацоўныя або ледзь зводзяць канцы з канцамі, зваліць за мяжу ці проста з’ехаць з мястэчка няма грошай, а тут пад бокам жывуць старыя нямоглыя «багацеі»: пенсіі за 200 тысяч — гэта ж 100 пляшак «чарніла»! Вось яна, спакуса для нью-Раскольнікавых…
Сённяшняе беларускае грамадства можна падзяліць на тры вялікія пласты. Першы — непапраўна-савецкія людзі: старэйшае пакаленне і прадстаўнікі цяперашняй улады (незалежна ад узросту) на чале з Лукашэнкам. Другі — «сапсаваныя» савецкія людзі: пераважна сярэдняе пакаленне, хто вырас і сфарміраваўся ў савецкі час, але добра сербануў перабудовы, нацыяналізму ды іншага вальнадумства ў пачатку 1990-х. І трэці — маладыя, хто ведае пра Саветы з аповедаў старэйшых таварышаў ды школьных падручнікаў.
Галоўная ж праблема ў тым, што першыя — «непапраўныя» — за апошнія дзесяць гадоў манапалізавалі не толькі ўладу, але і сістэму грамадскай камунікацыі, што заблакавала патэнцыял развіцця іншых сацыяльных груп.
Прычым самы вялікі канфлікт, калі не поўнае неразуменне, існуе паміж пакаленнем, загартаваным у індустрыяльным чэраве савецкай імперыі, ды зусім маладымі беларусамі, «распешчанымі» камп’ютарамі ды салодкімі марамі спажывецкага грамадства. Ім толькі паказалі «цукерку», але не далі магчымасці ўзяць і замест «аўтабану ліберальных гонак» загналі ў калгаснае стойла. Вядома, рана ці позна гэта прывядзе да выбуху. Ёсць, аднак, спосаб адцягнуць гэты момант — пастаянна выціскаць найбольш думаючых і актыўных за межы краіны, а на тых «нармальных», хто не можа стрымаць злосць і зайздрасць да старых «багацеяў», ёсць крымінальны кодэкс і месцы на нарах. Відаць, такі шлях таксама не самы лепшы, а ўрэшце проста тупіковы, бо здзяйсняе «натуральны адбор наадварот».
Праз 10—15 гадоў сённяшняя моладзь стане апорай краіны, але можа здарыцца, што абаперціся не будзе на каго. Кар’ерысты-падпявалы з БРСМ, вызваленыя з «зоны» забойцы пенсіянерак ды былыя двоечнікі-алігафрэны з алкагольных сем’яў — цудоўная кампанія для «прарыву ў XXI стагоддзе» праз «крэмневую» даліну! Відаць, гэта ўжо даходзіць і да ўладаў, бо інакш як разумець захады па ўскладненні выезду за мяжу маладых і малых беларусаў?
Тым не менш, галоўны вектар сацыяльнай палітыкі скіраваны на тое, каб пенсіянеры і далей станавіліся спонсарамі сваіх дзяцей і ўнукаў, здаровых, але беспрацоўных ці тых, хто зарабляе амаль як беспрацоўныя. Гэта наўпрост вядзе не толькі да светапогляднага, але і да матэрыяльнага супрацьстаяння пакаленняў, якое часам прымае крымінальныя формы. Маладыя — хочуць ды не могуць, старыя — не хочуць, але пакуль могуць уплываць на ўладу і сітуацыю.
Праўда, жыццё старых — гэта яшчэ 5—10 гадоў, за якімі можа настаць поўны разрыў эпох і разбурэнне ідэйных, эканамічных і палітычных асноў сённяшняй сістэмы. Тое, што гэта будзе непазбежна, гарантуе прыклад нашых суседзяў і логіка агульнаеўрапейскага развіцця.
А што ж сярэдняе пакаленне, спытаеце вы? Уся бяда ў тым, што маё пакаленне, каму сёння пяты дзясятак, не выканала сваёй гістарычнай місіі. Мы так і не сталі тым мастком паміж савецкім часам, дзе прайшла першая палова нашага жыцця, і дэмакратычным, ці, дакладней, постіндустрыяльным грамадствам, у якім сёння жыве Еўропа ды іншыя лідары свету. Спачатку мы былі вельмі занятыя татальнай крытыкай, потым «раскопкамі» савецкай мінуўшчыны, каб думаць пра сённяшні час ці недалёкую будучыню. Як старэйшае пакаленне назаўсёды засталося «кантужанае» вайной, так нашае — камунізмам. Фактычна, большая частка нашай энергіі пайшла на разбурэнне камуністычнай спадчыны, на спробу ачысціць сябе ад яе «ружовых плям».
Часам гэта быў марны занятак, але ў ім была і нейкая асалода. Беларус вельмі доўга цярпеў ды пакутаваў і ці не стаў ад таго крыху мазахістам, які любіць пакапацца ў сваіх вантробах і лішні раз адчуць боль. Прынамсі, мазахісцкія настроі пачатку мінулага стагоддзя прысутнічаюць сёння не толькі ў паэзіі ці публіцыстыцы, але нават і ў палітыцы.
Будзе несправядліва не сказаць пра нацыятворчы працэс, якому многія мае равеснікі аддалі нямала сіл. Вынік, праўда, неадназначны і напэўна пакідае жадаць лепшага.
Слабым апраўданнем з’яўляецца тое, што на ніве эканамічных і асабліва палітычных пераўтварэнняў зрухі яшчэ меншыя. Відаць, гэтыя працэсы моцна ўзаемазвязаныя, але першасны сярод іх (тут я згаджуся з марксістамі) — эканоміка. Пусты страўнік і голая кішэня — найлепшыя агітатары і настаўнікі. Пакуль жа адна палова нашых суграмадзян атрымлівае дастаткова грошай, каб не галадаць, а другая — дастаткова, каб не выйсці на плошчу, — рэвалюцыі не будзе. Будзе ціхая вайна ды нарастаючая нянавісць «маладых-гарачых» да «старых пердуноў», «якія не даюць нармальна жыць», а таксама афіцыйнае замоўчванне сапраўдных сацыяльных канфліктаў. Замест таго зноў будуць падсоўваць тэледэбаты на тэму «Каму трэба беларускае кіно?».
У такой сітуацыі вельмі важна не паддавацца сістэме, не апускацца да яе ўзроўню, не дэградаваць разам з ёй ні маральна, ні разумова. Калі, напрыклад, паслязаўтра б монстр абрынуўся, ці знайшлося б у нас дастаткова цікавых ідэй і людзей, гатовых падняцца над узроўнем БТ, «СБ» ці Лукашэнкавага плана «адраджэння калгаснай вёскі»? Галоўная задача, на маю думку, — інтэлектуальнае самаразвіццё, а таксама прафесійная і кадравая падрыхтоўка да постаўтарытарнай эпохі.
Напэўна, мае сэнс стварыць банк ідэй і праектаў у розных сферах дзейнасці — не толькі эканомікі, але і пенсійнай сістэмы, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, інфармацыйных тэхналогій. Інакш на змену сённяшнім каснамоўным «каментатарам» прыйдуць такія ж убогія, але «нашы людзі», і вынік такога адраджэння і дэмакратызацыі будзе не лепшы, чым вынік папярэдняга.
Гісторыя, літаратура і мастацтва — гэта добра і заўсёды будзе запатрабавана, але гэтага ўжо мала. Беларуская незалежная думка мусіць браць за свой аб’ект і іншыя сферы.
На жаль, спрыяльных умоў для таго няма, аднак іншых ужо і не будзе. Трэба карыстацца тым, што ёсць. Працаваць і праз трэці сектар, і праз мясцовую ўладу (у сацыяльна-актуальных пытаннях дзе-нідзе гэта магчыма), і праз нефармальныя кантакты. 12 гадоў, якія, на думку многіх, мы страцілі, насамрэч былі адтэрміноўкай, якую дала нам гісторыя перад стартам у новы час. І хай кожны азірнецца назад — што страціў, а што набыў ён за гэты перыяд, кім быў, а кім стаў сёння? Ці гатовы мы яшчэ раз пачаць спачатку, ці лепш пакінуць гэтую місію маладзейшым? Ці зможам мы, «страчанае пакаленне 1990-х», сказаць яшчэ сваё слова ў сучаснай беларускай гісторыі і здзейсніць нарэшце тое, на што былі пакліканы лёсам?
Эпоха фальстартаў і «завочнага навучання» прайшла…»
Калі вам важна тое, што мы робім, падказвайце нам, на што звярнуць увагу, і перадавайце інфармацыю знутры Беларусі праз тэлеграм @nn_editor або на мэйл nivanasha@proton.me. Або тым з журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста. Гэта так проста — а мы зможам больш.
Заставайцеся з намі, чытайце «Нашу Ніву», глядзіце «Нашу Ніву» і любіце Беларусь.