Орбанаўскага міністра замежных спраў працаўладкавала кітайская буйная карпарацыя
Былы міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта паведаміў, што склаў дэпутацкі мандат у венгерскім парламенце і пераходзіць на працу ў кітайскую аўтамабільную кампанію BYD.
Петэр Сіярта. Фота: Askin Kiyagan / Anadolu Agency via Getty Images
Паводле слоў аднаго з найбліжэйшых палітычных паплечнікаў былога шматгадовага прэм'ера Венгрыі Віктара Орбана, ён атрымаў прапанову заняць міжнародную пасаду ў адной з вядучых кампаній сусветнай аўтамабільнай прамысловасці. На новай працы Сіярта будзе адказваць за развіццё міжнародных сувязяў і новых кірункаў бізнэсу. Пры гэтым ён не ўвойдзе ў кіраўніцтва венгерскага падраздзялення BYD.
Раней Сіярта з 2014 па 2026 год узначальваў Міністэрства замежных спраў Венгрыі ва ўрадах Віктара Орбана і быў вядомы сваёй падтрымкай супрацоўніцтва з Кітаем, у тым ліку развіцця вытворчасці электрамабіляў.
Пасля сыходу з пасады ён заявіў, што ніколі не дзейнічаў у інтарэсах Расіі, у чым яго таксама абвінавачвалі і нават публікавалі праслухоўку ягоных тэлефонных размоў з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Разам з тым новая венгерская ўлада раней абвінавачвала былога міністра ў знішчэнні важных дакументаў, звязаных з санкцыйнай палітыкай, калі ён пакідаў сваю дзяржаўную пасаду.
Каментуючы інфармацыю пра новую працу Петэра Сіярта, прэм'ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр напісаў:
«Петэр Сіярта, былы міністр замежных спраў, які і раней прадстаўляў замежныя інтарэсы, сёння афіцыйна абвясціў, што сыходзіць з палітыкі і стане кіраўніком кітайскай кампаніі, для якой раней ён дамогся велізарных венгерскіх дзяржаўных субсідый. Адрозненне ад папярэдняга становішча будзе заключацца ў тым, што адгэтуль за тую самую «працу» Петэра Сіярта будзе плаціць не венгерскі народ, а яго фактычны працадаўца».
Чытайце таксама:
Мадзьяр: Сіярта паехаў у МЗС знішчаць важныя дакументы