БЕЛ Ł РУС

У Беларусі праводзяць актыўную мадэрнізацыю бамбасховішчаў

15.07.2026 / 18:02

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі аб'яднання «Белпол», з пачатку 2026 года ў Беларусі актыўна праводзіцца інвентарызацыя, рамонт і мадэрнізацыя ахоўных збудаванняў грамадзянскай абароны. У арганізацыі лічаць, што маштаб гэтых работ і іх правядзенне ў розных рэгіёнах краіны сведчаць пра сістэмны падыход да аднаўлення сеткі сховішчаў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Анлайнер»

У якасці прыкладу прыводзяцца даныя па Магілёўскай вобласці. На пачатак чэрвеня там налічвалася 276 ахоўных збудаванняў, з якіх 204 прызнаны прыдатнымі для выкарыстання, а 72 знаходзіліся ў нездавальняючым стане. Частку такіх аб'ектаў плануюць спісаць, астатнія — аднавіць.

Падчас праверак, праведзеных у першай палове года, выявілі парушэнні ў стане і ўтрыманні асобных сховішчаў. Па іх выніках службовым асобам вынеслі прадпісанні аб ліквідацыі недахопаў, а некаторых прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

«Белпол» паведамляе, што сёлета ўжо адноўлена больш за чатыры дзясяткі ахоўных збудаванняў. Адначасова павялічылася колькасць аб'ектаў, прызнаных непрыдатнымі да эксплуатацыі. Гэта можа быць звязана не з пагаршэннем іх стану, а з больш дэталёвай праверкай.

У аб'яднанні адзначаюць, што сама па сабе мадэрнізацыя сховішчаў не сведчыць пра непазбежнасць узброенага канфлікту. Аднак улічваючы развіццё ваеннага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, гэтыя меры разглядаюцца як частка дзяржаўнай палітыкі па павышэнні гатоўнасці да магчымых надзвычайных сітуацый і крызісных сцэнарыяў.

Паводле звестак МНС, у краіне налічваецца больш за пяць тысяч збудаванняў, якія могуць выкарыстоўвацца для абароны насельніцтва ў выпадку ракетных удараў.

Чытайце таксама:

Стала вядома, што і чаму зносяць у мінскай Асмалоўцы

У Магілёве на аўкцыён выставілі бамбасховішча

Залужны: Не варта лічыць, што Расія ўжо прайграла вайну

Каментары да артыкула