БЕЛ Ł РУС

У Крыме п'яная расійская паліцэйская насмерць збіла беларуса — і ўцякла з месца аварыі

15.07.2026 / 21:46

Nashaniva.com

У месцы, дзе стаяў знак абмежавання хуткасці да 40 км/г, 25‑гадовая следчая ляцела каля 90 км/г. І даляталася.

Чарнаморскае. Фота: jalita.com

1 ліпеня 2023 года 45‑гадовы беларус-будаўнік, які больш за сем гадоў ездзіў на заробкі ў Расію, а таксама ў акупаваны Крым, разам з двума калегамі пайшоў увечары ў краму па цыгарэты. Яны ішлі па абочыне дарогі Знаменскае-Далёкае-Пясчаны кар'ер, каля пасёлка Чарнаморскае на самым захадзе паўвострава.

У той жа вечар старшая следчая паліцыі Крыма Наталля Гамоля адпачывала з сяброўкай на моры непадалёк, у пасёлку Акунёўка. Днём яны выпілі на дваіх бутэльку шампанскага на пляжы. Каля дзясятай вечара Гамоля села за руль бацькавага «ЗАЗ Шанс» і паехала з сяброўкай у краму — па дарозе, дзе якраз ішоў рамонт і дзейнічала абмежаванне хуткасці 40 км/г.

Экспертыза потым вызначыла: яе аўтамабіль ехаў з хуткасцю каля 90 км/г. Убачыўшы мужчын у святле фар, яна не прытармазіла. Удар быў такі моцны, што беларуса адкінула на 10‑15 метраў наперад па дарозе. Паліцэйская не спынілася — праехала яшчэ каля 300 метраў, прыпаркавала пашкоджаны аўтамабіль каля крамы і разам з сяброўкай пайшла пешшу, спрабуючы схавацца, пакуль на іх выпадкова не наткнуліся супрацоўнікі мясцовага ДАІ.

Беларус памёр на месцы ад мноства пашкоджанняў — пераломы рэбраў і хрыбетніка, разрыў аорты, чэрапна-мазгавая траўма. Экспертыза алкатэсту паказала ў Гамолі 0,83 праміле — амаль удвая вышэй за дапушчальную норму. Пры афіцыйным медасведчанні пазней зафіксавалі 0,55 праміле. Паводле сведак-паліцэйскіх, яна некалькі разоў спрабавала сфальсіфікаваць вынікі тэсту.

У судзе Гамоля прызнала віну толькі часткова: сцвярджала, што не бачыла ніякіх дарожных знакаў, што алкаголю не адчувала, і што спынілася, як толькі змагла, — а потым проста шукала месца для паркоўкі. Сведкі і відэазапісы з камер назірання гэтую версію не пацвердзілі.

Чарнаморскі раённы суд Крыма прызнаў паліцэйскую вінаватай у забойстве чалавека па неасцярожнасці кіроўцам у нецвярозым стане з пакіданнем месца ДТЗ і прызначыў 6 гадоў. Праўда, не ў калоніі, а ў калоніі-паселішчы, дзе рэжым значна мякчэйшы: асуджаныя могуць свабодна перамяшчацца па тэрыторыі і нават працаваць звонку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула