11‑гадовы хлопчык у Мінску паверыў махлярам і аддаў ім бацькоўскія зберажэнні
Спачатку школьніку патэлефанавалі ў вайберы нібыта супрацоўнікі МТС.
На падставе падаўжэння дамовы на выкананне паслуг сувязі яны пераканалі хлопчыка назваць код з SMS-паведамлення. Праз некаторы час зноў патэлефанавалі — ужо нібыта супрацоўнікі міліцыі, паведамляе «Міліцыя Мінска».
Ашуканцы заявілі, што з-за перадачы кода злачынцы нібыта аформілі крэдыты на невядомых асоб. Каб «выправіць сітуацыю» і пазбегнуць адказнасці, школьніка пераканалі нікому не расказваць пра тое, што адбываецца, і выконваць усе іх указанні.
На наступны дзень пасля серыі званкоў хлопчык сабраў усе грошы, якія захоўваліся дома, — 8 200 рублёў — і па ўказанні махляроў аднёс іх па названым адрасе, дзе перадаў кур’еру.
Асоба кур’ера была ўстаноўлена. Ім аказаўся 18‑гадовы замежны студэнт.
Незадоўга да гэтага ён сам трапіў пад уплыў тэлефонных махляроў.
Малады чалавек забраў грошы ў школьніка, унёс іх на банкаўскую картку, аформленую па просьбе ашуканцаў, пасля чаго перадаў ім рэквізіты рахунку. Грошы зніклі.
Бацькі хлопчыка звярнуліся ў міліцыю.