БЕЛ Ł РУС

Ці прыцягвае смартфон маланку? Ратавальнікі расказалі, ці трэба выключаць тэлефон у навальніцу

12.07.2026 / 20:40

Nashaniva.com

Падчас моцнай непагадзі многія выключаюць свае гаджэты, баючыся стаць мішэнню для электрычнага разраду. У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях патлумачылі, як мабільныя тэлефоны ўплываюць на бяспеку падчас навальніцы.

Фота з сацсетак

Як адзначаюць ратавальнікі, цалкам адключаць мабільны тэлефон падчас навальніцы не патрабуецца. Сучасныя смартфоны бяспечныя для выкарыстання: яны не прыцягваюць маланку і не ствараюць умоў для яе ўдару.

Рэальная небяспека ўзнікае толькі тады, калі чалавек трымае тэлефон у руках і пры гэтым знаходзіцца на адкрытай прасторы — напрыклад, у чыстым полі ці на ўзвышшы. У такім выпадку чалавечае цела становіцца самым высокім аб'ектам на мясцовасці. Рызыка паражэння павышаецца не з-за самога тэлефона, а менавіта з-за неабароненага стану чалавека. Выпраменьванне смартфона тут ні пры чым.

Менавіта таму галоўнае правіла — не карыстацца тэлефонам на вуліцы, калі паблізу няма надзейнага ўкрыцця.

Што тычыцца памяшканняў, то тут мабільнай сувяззю можна карыстацца без абмежаванняў. Галоўнае — пазбягаць правадных прылад і не стаяць каля вокнаў.

Каб перачакаць навальніцу без наступстваў, ратавальнікі рэкамендуюць выконваць базавыя правілы бяспекі.

Калі вы знаходзіцеся дома

Зачыніце вокны, трымайцеся далей ад іх і адкрытых прастор.

Не карыстайцеся праваднымі тэлефонамі і не дакранайцеся да бытавой тэхнікі, уключанай у разетку.

Пазбягайце блізкасці да металічных канструкцый.

Калі навальніца заспела на вуліцы

Тэрмінова ўкрыйцеся ў найбліжэйшым будынку або аўтамабілі.

Калі вы знаходзіцеся ў лесе, то лепш схавацца сярод нізкарослай расліннасці. Заўсёды трымайцеся падалей ад ліній электраперадач і адзіночных высокіх дрэў.

Катэгарычна забараняецца бегаць, купацца ў вадаёмах і падыходзіць да вады.

Веласіпедыстам і матацыклістам трэба неадкладна спыніць рух, адысці ад свайго двухколавага транспарту прыкладна на 30 метраў і перачакаць непагадзь там.

Калі сховішча няма зусім, знайдзіце сухую яму ці траншэю, прысядзьце туды (або ляжце на зямлю), схіліўшы галаву.

Калі вы знаходзіцеся ў кампаніі, то лепш прысесці на кукішкі паасобку і не дакранацца да іншых людзей.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула