БЕЛ Ł РУС

«За чатыры дні яе тройчы экстранна шпіталізавалі». Беларуска трапіла ў эміграцыйную турму ў ЗША пасля побытавай сваркі

11.07.2026 / 09:33

Баляслаў Ліманоўскі

33‑гадовая беларуска Кацярына Бартко пасля пачатку поўнамаштабнай вайны пераехала ў ЗША і падалася на прытулак, але цяпер апынулася ў амерыканскай іміграцыйнай турме. За кратамі дзяўчына засталася без жыццёва неабходных лекаў — у яе пачаліся сутаргі.

Кацярына Бартко. Фота з архіва героя

Гісторыю Кацярыны расказаў яе партнёр Дзмітрый Шышоў, які спрабуе выцягнуць дзяўчыну з турмы. 

«Я не сустракаў дзяўчат з такім моцным стрыжнем»

Дзмітрый размаўляе з намі праз відэасувязь са свайго офіса.

«Каця насамрэч вельмі добры чалавек, — пачынае Дзмітрый. — Яна шмат перажыла: і рак, і жыццё ў бальніцах, але я ніколі не сустракаў дзяўчат з такім моцным стрыжнем характару. У адрозненне ад многіх яна арыентаваная на тое, каб працаваць, ствараць сям'ю, дом, а не на нейкае тыкток-шоу».

Кацярына па адукацыі юрыст, выкладала ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. У 2020 годзе яна ўдзельнічала ў паслявыбарчых пратэстах. Пасля пачатку вайны ва Украіне яна, па словах Дзмітрыя, удзельнічала ў мінскіх пратэстах супраць расійскай агрэсіі. У пачатку сакавіка 2022 года Кацярына вылецела ў ЗША — у яе была амерыканская віза і яна збіралася вучыцца ў Штатах.

Скрыншот з інстаграма Кацярыны

У кастрычніку 2022 года жорстка затрымалі яе былога хлопца і выклалі з ім відэа ў канал ГУБАЗіКа, а таксама фота разам з дзяўчынай. Пасля сілавікі прыйшлі да бацькоў Кацярыны па справе за ўдзел у мірных пратэстах, а знаёмых з таго фота пачалі затрымліваць. Дзяўчына вырашыла, што шляху назад няма, і ў лютым 2023 падалася на палітычны прытулак у ЗША. Такія справы там разглядаюцца доўга.

Як дзяўчына апынулася за кратамі

Гісторыя затрымання Кацярыны нагадвае абсурдны фільм. Усё пачалося 6 мая 2026 года са сваркі на вечарыне. Пара гучна пасварылася ўначы з іншымі гасцямі і сышла, але нехта выклікаў паліцыю.

«У Фларыдзе па такіх выкліках затрыманне аўтаматычнае, да высвятлення абставінаў — такі парадак. Дэтэктыў мне сказаў, што не бачыць складу злачынства і закрые справу.

Але ў штаце Фларыда — гэта ледзь не адзіны такі штат у ЗША — штат усё адно можа даць справе ход, калі палічыць патрэбным. Што ён і зрабіў», — уздыхае Дзмітрый.

Кацярына Бартко. Фота з архіва героя

Кацярыну ўзялі пад варту. Суд прызначыў Кацярыне $500 закладу, але адвакат катэгарычна параіў яго не ўносіць.

«Ён сказаў: калі вы ўнясеце заклад, яна выйдзе з паліцыі, але за ёй адразу прыедуць афіцэры ICE (міграцыйнай паліцыі). І яна будзе сядзець у іміграцыйнай турме з адкрытай крымінальнай справай, што фатальна для міграцыйнага суда».

Яны паслухаліся і дачакаліся, пакуль 3 чэрвеня суддзя і пракурор цалкам не закрылі справу без якой-небудзь судзімасці.

«Але Кацярыну не адпусцілі, а перавялі ў іміграцыйную турму 4 чэрвеня — толькі на падставе новага жорсткага цыркуляра супраць людзей з пратэрмінаванымі візамі. Самае горшае, што федэральны суддзя адмяніў гэтую норму літаральна на наступны дзень пасля таго, як яе забралі! Калі б уся гэтая працэдура зацягнулася хаця б на суткі, у іх проста не было б юрыдычных падстаў яе трымаць, і яна б выйшла на волю», — эмацыйна тлумачыць Дзмітрый.

Аднак бюракратычная машына ўжо запусцілася: паколькі 4 чэрвеня дзяўчына ўжо была фізічна перададзена ў сістэму ICE, адмена цыркуляра 5 чэрвеня аўтаматычна яе не вызваліла. Цяпер ёй даводзіцца даказваць законнасць свайго знаходжання ў ЗША і прасіць вызвалення пад заклад праз складаны і вельмі павольны судовы працэс.

«За чатыры дні яе тройчы экстранна шпіталізавалі»

У Кацярыны ёсць праблемы са здароўем. У 2014 годзе ў дзяўчыны выявілі рак шчытападобнай залозы. У 2015‑м ёй паставілі трэцюю групу інваліднасці. Яна пажыццёва залежыць ад штодзённага прыёму гармонаў і кальцыю. У іміграцыйным ізалятары ў Фларыдзе ёй проста перасталі іх даваць.

«Людзі не вераць: як так, гэта ж танныя, капеечныя лекі! — абураецца Дзмітрый. — Але яе ўзровень кальцыю ўпаў да крытычнага, калі магчыма прыпыненне сэрца ці дыхання. За чатыры дні яе тройчы экстранна шпіталізавалі — 6, 8 і 9 чэрвеня».

Кацярына Бартко. Фота з яе старонкі Укантакце

Шпіталізацыі ў зняволенні павінны аплачвацца дзяржавай. Але ахоўнікі перадалі ў шпіталь асабісты нумар Кацярыны замест нумару ICE, і рахункі выстаўляюць ёй — толькі даплата за адзін з іх складае каля $1400.

«Ці буду я судзіцца за рахункі? — перапытвае Дзмітрый. — Гэта праблема з будучыні. На гэты момант у мяне толькі адзін прыярытэт — як забяспечыць ёй свабоду і медыцынскі догляд».

Умовы ўтрымання толькі пагаршалі стан.

«Пры крытычным падзенні кальцыю чалавек адчувае невыносны холад праз парушэнне тэрмарэгуляцыі. А яны спалі проста на бетонных ложках — кавалках цэменту ў сцяне. Яны прасілі ў ахоўнікаў кардонныя скрынкі ад сэндвічаў, каб хаця б іх падсцяліць, але ім забаранілі іх браць».

Пасля ізалятару міграцыйнай паліцыі яе перавялі ў турму акругі Флаглер (таксама Фларыда). Там персанал і шэрыф паставіліся да беларускі добра, дактары сачылі за станам і выдавалі неабходныя лекі. Стан дзяўчыны пачаў паляпшацца.

Кацярына Бартко. Фота з архіва героя

Але 18 чэрвеня Кацярыну знянацку перавялі ў турму CoreCivic у Канзас-Сіці. І там зноўку перасталі выдаваць патрэбныя лекі — далі толькі блістэр гармонаў, але без кальцыю.

Кальцый дагэтуль не выдавалі. Праз яго недахоп у Кацярыны 22 чэрвеня пачаліся мышачныя спазмы, так званая «рука акушэра».

«Рукі так скручвае, што немагчыма разагнуць далонь. Яна просіць дапамогі, а ахоўнікі ёй кажуць: «Напішы запіску і кінь у скрыню». Яна ім: «Чым я напішу? Абедзве рукі скручаныя!» У выніку за яе напісала іншая дзяўчына. Ведаеце, што зрабілі ахоўнікі? Дасталі паперку са скрыні і проста кінулі ёй назад на ложак».

Каб дамагчыся для Кацярыны лячэння, Дзмітрый адправіў 73‑старонкавы факс з яе медыцынскай гісторыяй, іначай гісторыю хваробы і лячэння адмаўляліся прыняць.

У адказ афіцэры ICE адабралі ўсе лекі і пачалі ціснуць на Кацярыну: паказвалі паперу з яго імем і пагражалі ініцыяваць супраць яго расследаванне ФБР за нібыта незаконнае атрыманне медыцынскіх даных, хоць на гэта была афіцыйная даверанасць.

Дзмітрый і Кацярына. Фота з архіва героя

Зрушыць сітуацыю з мёртвага месца дапамагло толькі ўмяшанне амерыканскіх палітыкаў. Зразумеўшы, што турма ў Канзасе проста хавае інфармацыю, Дзмітрый звярнуўся па дапамогу ў офісы кангрэсвумэн Фрэдэрыкі Уілсан і сенатара Эшлі Мудзі. Калі прадстаўнікі палітыкаў пачалі рабіць афіцыйныя тэлефанаванні і запыты ў ізалятар, стаўленне адміністрацыі імгненна змянілася.

Ахоўнікі раптам самі прынеслі Кацярыне ўсе неабходныя паперы для адвакатаў і дазволы на перадачу даных.

Падчас нашай размовы з Дзмітрыем раптам звініць тэлефон. Гэта тэлефануе Кацярына з турмы Канзаса.

«Так, каханая, усё добра», — хутка і пяшчотна адказвае Дзмітрый. Потым тлумачыць ёй сітуацыю і прапануе адказаць на пытанне для медыя.

Кацярына за кратамі. Фота з архіва героя

Кацярына стомленым голасам кажа, што вельмі дрэнна сябе адчувае, бо ёй не даюць усе патрэбныя лекі. «Максімум, што я магу зрабіць — гэта назаляць запытамі ICE».

Пасля кароткай размовы яна развітваецца, бо час званка абмежаваны.

Што цяпер

Сёння справа Кацярыны знаходзіцца ў юрысдыкцыі іміграцыйнага суда ў Канзас-Сіці (штат Місуры). Адвакаты падалі прашэнне аб вызваленні пад заклад, але суддзі перагружаныя, і чаканне можа зацягнуцца. Дзмітрый спадзяецца, што стан здароўя дзяўчыны прымусіць суддзяў прыняць хуткае рашэнне аб яе вызваленні, каб яна магла нармальна рыхтавацца да працэсу ў справе прытулку з дому.

«Калі ёй адмовяць у закладзе, мы будзем падаваць Habeas Corpus (патрабаванне абгрунтаваць законнасць утрымання), бо ў такім стане яна проста не можа знаходзіцца ў турме», — кажа ён.

Што чакае Кацярыну на радзіме ў выпадку дэпартацыі, прадказаць цяжка. З аднаго боку, тэрмін даўніны за ўдзел у мітынгах 2020 года мінуў і па 342‑м артыкуле больш не саджаюць. З іншага боку, ніхто не можа гарантаваць, што сілавікі не выставяць ёй абвінавачванне па нейкім іншым палітычным артыкуле. 

Каб справіцца з аплатай адвакатаў, велізарнымі медыцынскімі рахункамі і магчымым закладам, Дзмітрый стварыў збор на платформе GoFundMe. Паралельна ён шукае падтрымкі беларускай супольнасці і праваабарончых арганізацый, каб дапамагчы Кацярыне вырвацца на свабоду.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула