БЕЛ Ł РУС

Англійскі паўабаронца на мундыялі ўмудрыўся атрымаць жоўтую картку і сур'ёзную траўму, нават не выйшаўшы на поле

7.07.2026 / 00:58

Nashaniva.com

36‑гадовы паўабаронца зборнай Англіі Джордан Хендэрсан не зможа пры ўсім жаданні дапамагчы сваёй камандзе ў астатніх матчах чэмпіянату свету 2026 года. А ўсё таму, што дзень матча 1/8 фіналу з Мексікай быў яўна не ягоны. 

Джордан Хендэрсан пасля свайго няўдалага скачка. Фота: AP Photo/Eduardo Verdugo

Спачатку, знаходзячыся на лаўцы запасных, на 90+8 хвіліне матча Хендэрсан атрымаў жоўтую картку за спрэчкі з арбітрам. А ўжо пасля фінальнага свістка, які прагучаў неўзабаве, праблемы ветэрана англійскай зборнай сталі яшчэ больш сур'ёзнымі.

Англічане ў матчы з мексіканцамі перамаглі з лікам 3:2. Хендэрсан разам з усімі выбег на поле святкаваць перамогу, а пасля, калі каманда скіравалася вітаць сваіх заўзятараў, няўдала прызямліўся, пераскокваючы праз рэкламныя шчыты.

Футбалісту аказалі медыцынскую дапамогу проста на полі, пасля чаго вынеслі на насілках з кіслароднай маскай і даставілі ў бальніцу. Галоўны трэнер зборнай Англіі Томас Тухель пазней пацвердзіў, што паўабаронца не зможа працягнуць выступленне на турніры. Кажуць, што ў яго пералом запясця. 

Хендэрсан у выніку застаўся ў Мехіка разам з прадстаўніком медыцынскага штаба і не вярнуўся з камандай на трэніровачную базу ў Канзас-Сіці.

Увогуле ж на гэтым чэмпіянаце свету за пяць матчаў ён правёў непасрэдна ў гульні усяго шэсць хвілін, выйшаўшы на замену ў матчы групавога этапу супраць Панамы.

Чытайце таксама:

Іспанія выйшла ў чвэрцьфінал. Крышціяну Раналду і яго Партугалія ляцяць дахаты

Шведская мадэль спарадзіравала паходку Холанда і сабрала 90 мільёнаў праглядаў

Нарвегія высадзіла Бразілію з чэмпіянату свету

ФІФА адклала дыскваліфікацыю найлепшага бамбардзіра зборнай ЗША пасля званка з Белага дома

Каментары да артыкула