БЕЛ Ł РУС

Украіна нанесла ўдар па найбольшым у Расіі Омскім НПЗ, за 2500 км ад фронту

6.07.2026 / 14:54

Nashaniva.com

Калі знішчаныя ключавыя ўстаноўкі, можна чакаць далейшага нарастання дэфіцыту паліва за Уралам і ў Сібіры.

Украінскія дальнабойныя беспілотнікі «Люты» здзейснілі беспрэцэдэнтны налёт на Омскі нафтаперапрацоўчы завод, які знаходзіцца ў глыбокім тыле РФ — за 2000 км ад фронту. Гэта быў адзін з нямногіх буйных аб'ектаў расійскай нафтаперапрацоўкі, які да гэтага часу заставаўся недасяжным для ўдараў УСУ.

Губернатар Омскай вобласці Віталій Хацэнка заявіў у тэлеграме, што сілы СРА РФ «збілі варожыя БПЛА» над рэгіёнам, аднак месца атакі і яе наступствы не ўдакладніў.

Прадстаўнікі кампаніі «Газпром нефть», якой належыць прадпрыемства, і самога завода сітуацыю пакуль не каментавалі.

У сеціве з'явіліся відэазапісы, на якіх бачны магутны слуп агню і дыму пасля прылёту па НПЗ. Дакладнай інфармацыі пра тое, у якую менавіта ўстаноўку пацэлілі дроны, пакуль няма.

Эксперты адзначаюць, што калі былі знішчаны ключавыя вытворчыя магутнасці, гэта можа справакаваць сур'ёзны дэфіцыт паліва за Уралам і ў Сібіры. Рэгулярныя атакі на расійскія НПЗ ужо станавіліся прычынай паліўнага крызісу ў Расіі мінулай вясной і летам.

Пакуль украінскія беспілотнікі атакавалі Омск, расійскія войскі сёння ўначы нанеслі масіраваны ўдар па Кіеве, выкарыстаўшы дзясяткі ракет і сотні дронаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула