У Малі паўстанцы і джыхадзісты атакавалі пазіцыі расійскага Афрыканскага корпуса
Горад Анефіс, які заставаўся адным з апошніх стратэгічных плацдармаў малійскага войска і наймітаў расійскага «Афрыканскага корпуса» ў рэгіёне Кідаль, стаў галоўнай мішэнню.
Паўстанцы-туарэгі. Фота ілюстрацыйнае
У Малі паўстанцы і джыхадзісты правялі серыю атак на пазіцыі арміі і праўрадавых сіл. Пад удар патрапілі гарады Анефіс, Агельхок і Гаа на поўначы краіны, Севарэ і раён Коны ў цэнтральнай частцы Малі, а таксама турма ў Кеніеробе на поўдзень ад сталіцы Бамако, піша The Insider.
Галоўнай мэтай стаў Анефіс у рэгіёне Кідаль. Там знаходзяцца пазіцыі малійскай арміі і расійскіх байцоў «Афрыканскага корпуса», якія падтрымліваюць вайсковую хунту ў Бамако. Пасля папярэдняга буйнога наступлення ў красавіку малійскія і расійскія сілы адступілі ў Анефіс з Кідаля і Тэсаліта.
Прадстаўнік туарэгскага «Фронту вызвалення Азавада» Махамед Эльмаўлуд Рамадан сцвярджае, што байцы групоўкі ўвайшлі ў Анефіс. Le Monde прыводзіць яго словы пра тое, што «Фронт вызвалення Азавада» кантралюе горад, але малійскія і расійскія вайскоўцы застаюцца ў сваім лагеры. France 24 са спасылкай на мясцовага чыноўніка таксама піша, што паўстанцы ўзялі пад кантроль Анефіс, а расійскія байцы «акапаліся ў лагеры».
Незалежнага пацвярджэння поўнага захопу Анефіса пакуль няма. Войска Малі заявіла, што ўсе атакі былі адбітыя, а сітуацыя «цалкам пад кантролем». Паводле яго версіі, у Севарэ былі забіты 20 нападнікаў, у Гаа — яшчэ шэсць, адзін праўрадавы баец загінуў і чацвёра атрымалі раненні. Расійскі «Афрыканскі корпус» таксама сцвярджае, што яго падраздзяленні разам з малійскім войскам адбіваюць атакі.
Telegram-канал «Африкарь» прызнае, што баевікі ўвайшлі ў гарадскую рысу Анефіса. Пры гэтым канал сцвярджае, што ім не ўдалося захапіць ключавы аб’ект — вайсковую базу на захад ад горада, а ў Гаа, Севарэ і Агельхоку атакі былі адбіты або абмежаваліся абстрэламі.
Адказнасць за атакі фактычна заявілі дзве сілы. Першая — «Фронт вызвалення Азавада», туарэгская сепаратысцкая групоўка, якая дамагаецца незалежнасці паўночнага Малі. Другая — «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін», філіял «Аль-Каіды» ў Сахелі. Паводле дадзеных Reuters, першая заявіла, што атакавала і захапіла не менш за сем пазіцый войска або праўрадавых сіл, аднак гэтая заява таксама не пацверджана незалежна.
Пасля разрыву з Францыяй і іншымі заходнімі партнёрамі вайсковая хунта Малі зрабіла Маскву адным з галоўных знешніх вайсковых саюзнікаў. Расійскі «Афрыканскі корпус» прыйшоў на змену ПВК «Вагнер» і дапамагае малійскай арміі ўтрымліваць тэрыторыі, змагацца з джыхадзістамі і здушаць туарэгскіх сепаратыстаў.
Анефіс мае стратэгічнае значэнне, бо гэта адзін з апошніх апорных пунктаў малійскага войска і расійскіх сіл у рэгіёне Кідаль пасля красавіцкага наступлення паўстанцаў.
Le Monde адзначае, што страта горада стала б сур’ёзным ударам па хунце: Анефіс размешчаны на шляху да Гаа і Тамбукту, двух найбуйнейшых гарадоў на поўначы Малі.
Цяперашняе наступленне стала працягам красавіцкай эскалацыі, калі «Фронт вызвалення Азавада» і «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін» ужо правялі буйную сумесную аперацыю, атакавалі некалькі гарадоў, уключаючы Бамако. У Маскве сцвярджалі, што працягнуць падтрымліваць улады Малі.