Трамп 1 гадзіну і 25 хвілін гаварыў з Пуціным
Змест размовы пакуль вядомы толькі ў пераказе памочніка Уладзіміра Пуціна па міжнародных пытаннях. Стужка Дональда Трампа ў TruthSocial пакуль запоўненая паведамленнямі, прысвечанымі 250‑годдзю незалежнасці ЗША.
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп у Анкорыджы на Алясцы 15 жніўня 2025 года. Фота: AP Photo / Julia Demaree Nikhinson
Уладзімір Пуцін правёў тэлефонную размову з амерыканскім лідарам Дональдам Трампам, у якой асабіста павіншаваў яго з Днём незалежнасці ЗША. Пра гэта паведаміў памочнік расійскага лідара Юрый Ушакоў, перадае ТАСС.
Перад гэтым Дональд Трамп пагаварыў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Размова Трампа і Пуціна «працягвалася амаль паўтары гадзіны, дакладней — 1 гадзіну 25 хвілін», — удакладніў Ушакоў.
«Расійскі бок выступіў ініцыятарам папярэдняга тэлефоннага кантакту — 14 чэрвеня, у дзень 80‑годдзя Дональда Трампа. На гэты раз з прапановай правесці размову менавіта ў дзень святкавання 250‑годдзя незалежнасці ЗША выступілі амерыканскія партнёры», — сказаў Ушакоў.
«Сённяшняя тэлефонная размова двух кіраўнікоў дзяржаў пачалася з таго, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін асабіста павіншаваў Дональда Трампа і ўвесь амерыканскі народ са знакавым святам», — сказаў Ушакоў.
Пуцін таксама пацвердзіў гатоўнасць Расіі садзейнічаць дээскалацыі вакол Ірана — там, нагадаем, устанавілася перамір'е, нафта, газ, гелій і азот ізноў надыходзяць з Персідскага заліва на сусветныя рынкі.
«Пацверджаная наша гатоўнасць аказваць практычнае садзейнічанне намаганням па дээскалацыі і стабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне», — адзначыў Ушакоў. «Дональд Трамп, у сваю чаргу, падзякаваў расійскаму боку за ўзважаную пазіцыю і канструктыўныя прапановы», — дадаў памочнік расійскага лідара. Расія ніяк не ўмяшалася, калі ЗША і Ізраіль наносілі ўдары па Іране, «стратэгічным саюзніку» Масквы.
«Кранаючы сітуацыю вакол Ірана, Уладзімір Пуцін выказаў надзею, што перагаворны працэс на аснове мемарандума аб узаемаразуменні паміж ЗША і Іранам дазволіць знайсці ўзаемапрымальныя доўгатэрміновыя развязкі па ключавых пытаннях урэгулявання», — адзначыў Ушакоў.
Галоўнай тэмай размовы Трампа і Пуціна стала, натуральна, вайна ва Украіне.
«Прэзідэнты, натуральна, закранулі тэму ўкраінскага ўрэгулявання. У тым ліку з улікам маючага адбыцца ўдзелу Дональда Трампа ў саміце НАТА ў Турцыі 7—8 ліпеня», — адзначыў памочнік Пуціна.
Тон інфармацыі Ушакова быў лагодны.
«Амерыканскі прэзідэнт зноў пацвердзіў гатоўнасць садзейнічаць хутчэйшаму спыненню баявых дзеянняў, пошуку мірных рашэнняў па пераадоленні крызісу», — падкрэсліў Ушакоў.
Спецпасланнікі амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа будуць гатовыя працягнуць пасрэдніцкія намаганні і зноў прыехаць у Маскву, заявіў Ушакоў.
Раней візіты Уіткафа і Кушнера не раз пераносіліся.
«Размова, гэта ўжо чацвёртая ў бягучым годзе, была, натуральна, не толькі пратакольнай, але і дзелавой і вельмі канструктыўнай. Гэтая размова дазволіла адкрыта абмеркаваць актуальныя сюжэты двухбаковага і міжнароднага парадку дня», — адзначыў Ушакоў.
Размова Трампа і Пуціна прайшла на фоне ўзмацнення ўдараў Украіны ў глыбіні Расіі, а таксама па акупаваных тэрыторыях. У выніку знішчэння вялікай часткі расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў у РФ узнік востры паліўны крызіс і пачало нарастаць незадавальненне насельніцтва вайною.