БЕЛ Ł РУС

Каталіцкі фэст у Будславе ўпершыню прайшоў з удзелам кіраўніка БПЦ і пасла Расіі

4.07.2026 / 16:30

Nashaniva.com

У Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 2—4 ліпеня прайшлі традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай. Сёлетні фэст адзначыўся рэкорднай колькасцю пілігрымаў, а таксама незвычайным для каталіцкага свята складам афіцыйных гасцей, сярод якіх упершыню былі кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы і пасол Расіі.

Імша апоўначы ў Будславе. Фота: catholic.by

Як паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» са спасылкай на прывітальную прамову мітрапаліта Мінска-Магілёўскага архібіскупа Іосіфа Станеўскага,

галоўная святая імша 4 ліпеня прайшла з удзелам кіраўніка БПЦ мітрапаліта Веніяміна. Акрамя яго, на набажэнстве прысутнічалі лідары іудзейскай і ісламскай канфесій, расійскі пасол Барыс Грызлоў і іншыя дыпламаты.

Дзяржаўны апарат прадстаўлялі намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Герасіменя, кіраўніцтва Мядзельскага райвыканкама, а таксама прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб'яднанняў — «Беларускага саюза жанчын» і Фонду міру.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Іосіф Станеўскі. Фота: catholic.by

Імша апоўначы ў Будславе. Фота: catholic.by

Імша апоўначы ў Будславе. Фота: catholic.by

Аўтары канала адзначаюць, што такі фармат з'яўляецца дэманстрацыяй «адзінства» канфесій і дзяржавы, што стала новым трэндам, прадыктаваным уладамі.

У сваёй пропаведзі архібіскуп Станеўскі падкрэсліў, што з гэтага года Будслаў афіцыйна стаў «духоўным цэнтрам», і адзначыў, што такі статус яму прысвоены па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Іерарх агучыў тэзіс пра тое, што «Касцёл і дзяржава — гэта сям'я сем'яў», і падзякаваў кіраўніцтву краіны за фінансавую падтрымку. Паводле яго слоў, дасягнута дамоўленасць аб фінансаванні рэстаўрацыі будслаўскага касцёла пасля пажару на парытэтных умовах: 50% выдаткаў бярэ на сябе дзяржава, яшчэ 50% — Касцёл. У храме ўжо адкрыты музей, а ў перспектыве плануецца пабудаваць Дом пілігрыма.

Імша апоўначы ў Будславе. Фота: catholic.by

Згодна з нядаўнім указам Аляксандра Лукашэнкі аб падтрымцы «духоўных цэнтраў», з дзяржаўнага бюджэту на рэстаўрацыю праваслаўнага сабора ў Жыровічах было выдзелена 3,4 млн рублёў, а на рамонтныя работы ў каталіцкім касцёле ў Будславе — каля 260 тысяч рублёў. Пажар у Нацыянальным санктуарыі, які моцна пашкодзіў дах храма, адбыўся 11 мая 2021 года.

Нягледзячы на афіцыёз, галоўнымі ўдзельнікамі свята засталіся вернікі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, якую агучылі пасля набажэнстваў, сёлета ў Будслаў прыбылі 2680 пілігрымаў з розных куткоў Беларусі, пераадолеўшы пешшу агулам 2717 кіламетраў. Сярод іх — 114 сем'яў з 150 дзецьмі. Самаму малодшаму пілігрымку, якога бацькі прынеслі з Мінска за пяць дзён, споўнілася ўсяго 26 дзён. Найстарэйшаму ўдзельніку пешых паходаў — 78 гадоў. Таксама ў Будслаў прыбыла першая пілігрымка на монаколах з 15 чалавек, якая праехала па маршруце Даўгінава — Будслаў.

Імша апоўначы ў Будславе. Фота: catholic.by

Варта адзначыць, што 3 ліпеня, у дзень афіцыйнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці — у Будславе таксама гучалі малітвы за Беларусь, а апоўдні, як і ва ўсіх праваслаўных храмах краіны, адбыўся святочны звон званоў.

Будслаўскі фэст, які ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, сёлета праходзіў пад дэвізам «Слава Богу — Спадзявайся на Марыю — Вернасць касцёлу» і быў прымеркаваны да 35‑годдзя аднаўлення структур Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула