БЕЛ Ł РУС

У Вялікабрытаніі скандал — вытворца дзёнер-кебабаў гадамі замест бараніны клаў у іх казляціну

3.07.2026 / 21:17

Nashaniva.com

У Вялікабрытаніі разгарэўся харчовы скандал вакол аднаго з найбуйнейшых вытворцаў дзёнер-кебабаў — кампаніі Kismet Kebabs. Следства высветліла, што на працягу некалькіх гадоў прадукцыя, якая прадавалася як кебаб з бараніны, насамрэч утрымлівала вельмі мала гэтага мяса, піша Бі-бі-сі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Getty Image

Праверкі з выкарыстаннем ДНК-аналізу паказалі, што кебабы, на ўпакоўцы якіх пазначалася да 70—87% бараніны, насамрэч утрымлівалі менш за 10% кампанентаў, звязаных з авечым мясам. Замест гэтага ў склад уваходзілі казляціна, жывёльны тлушч, скура і мясныя абрэзкі.

Падазрэнні ўзніклі пасля таго, як супрацоўнікі службы гандлёвых стандартаў у Суонсі правялі выпадковыя праверкі прадукцыі ў мясцовых установах хуткага харчавання. Пазней інспектары наведалі завод кампаніі ў графстве Эсекс і выявілі, што бараніна там практычна не выкарыстоўвалася. Паводле следства, сыравіну здрабнялі ў адну масу, а затым фасавалі ў розныя ўпакоўкі з пазнакамі пра высокае ўтрыманне бараніны.

У судзе кампанія прызнала віну ў харчовым махлярстве. Суд аштрафаваў Kismet Kebabs на 500 тысяч фунтаў стэрлінгаў і абавязаў выплаціць яшчэ каля 259 тысяч фунтаў судовых выдаткаў. Паводле ацэнак следства, дзякуючы падману кампанія магла атрымаць каля 6 мільёнаў фунтаў прыбытку.

Прадстаўнікі Kismet Kebabs заявілі, што парушэнні тычацца падзей 2021 года і ранейшага перыяду, калі кампанія працавала пад іншым кіраўніцтвам. Яны сцвярджаюць, што пасля праверкі былі ўнесеныя істотныя змены ў вытворчасць і сістэму кантролю.

Брытанскае Агенцтва па харчовых стандартах адзначыла, што гэты выпадак стаў вынікам мэтанакіраванага расследавання, а агульны ўзровень бяспекі харчовых прадуктаў у краіне застаецца высокім. Тым не менш, справа ўжо стала адной з самых гучных у сферы харчовага махлярства пасля скандалу з выкарыстаннем у прадуктах каніны, які адбыўся ў Еўропе ў 2013 годзе.

Чытайце таксама:

Ціханоўская зайшла па шаўрму да гданьскіх беларусаў ФОТЫ

Беларус тры гады развіваў кебабную на рынку ў Варшаве. А цяпер яе хочуць знесці

А вы ведалі, што ў Мінску працуе «Донер Трамп»? Што там прапануюць?

Турцыя запатрабавала абмежаваць у Еўропе дзёнер-кебабы

Каментары да артыкула