Падазраваная ў замаху на ўкраінскага буйнога бізнэсмена ў Манака — украінка
Яна маскіравалася, каб выглядаць, як мужчына.
Фота меркаванага выканаўцы выбуху
Галоўным падазраваным ў выбуху ў Манака, у выніку якога пацярпелі буйны ўкраінскі бізнэсмен Вадзім Ермалаеў і яго сям’я, аказалася жанчына ўкраінскага паходжання. Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на іншыя СМІ.
Падазраваную, якая пакінула торбу з выбухоўкай каля будынка, знайшлі ў адной з еўрапейскіх краін (не Манака і не Францыя).
«Згодна з нашымі дадзенымі, з улікам фактаў, сабраных падчас расследавання, гэты чалавек, імаверна, маскіраваўся, каб выглядаць як мужчына», — гаворыцца ва ўнутранай нататцы паліцыі Манака, з якой удалося азнаёміцца BFMTV.
Le Figaro дадае, што падазраваная — украінскага паходжання.
У дзень здарэння яна некалькі разоў праводзіла разведку мясцовасці, паведамляюць СМІ.
Незадоўга да выбуху гэтая асоба заўважыла сям’ю Ермалаевых у раёне плошчы дэ Мюлен і вырашыла прасачыць за ёй.
Яна абагнала іх і спынілася прыкладна за 10 метраў наперадзе. Затым накіравалася да дома сям’і, паднялася на тры прыступкі перад уваходам і паставіла торбу з бомбай.
Пасля гэтага яна паспешліва пакінула месца здарэння, азірнуўшыся, каб пераканацца, што сям’я сапраўды ўвайшла ў будынак. 13‑гадовы хлопчык, які атрымаў раненне ў выніку выбуху, першым зайшоў у будынак.
І менавіта ў той момант, калі Ганна Насобіна, партнёрка бізнэсмена Ермалаева, праходзіла міма торбы, падазраваная дыстанцыйна ўзарвала яе «з дапамогай прылады, падобнай на пульт дыстанцыйнага кіравання».
На дадзены момант стан Ганны Насобінай застаецца крытычным. Ёй ампутавалі абедзве нагі.
Акрамя таго, у дачыненні да падазраванай выдадзены еўрапейскі ордар на арышт. Таксама пачата судовае расследаванне па артыкулах «замах на забойства і саўдзел», «устаноўка выбуховай прылады ў грамадскім месцы са злачынным намерам і саўдзел» і «злачыннае аб’яднанне».
СМІ пісалі, што следства ў Манака лічыць, што да выбуху магла быць датычная Служба бяспекі Украіны.
Падазраваная — 39‑гадовая Анастасія Беразоўская. Яна жыла ў нямецкім Франкфурце. На правай руцэ ў яе тату змяі.
Нагадаем, 29 чэрвеня каля 21:00 у выніку выбуху ў Манака пацярпелі тры чалавекі, двое з якіх атрымалі вельмі цяжкія раненні. Паводле звестак СМІ, гаворка ідзе пра буйнога ўкраінскага бізнэсмена Ермалаева і яго блізкіх.
Вадзім Ермалаеў — бізнэсмен з Дняпра, заснавальнік гандлёва-вытворчай карпарацыі «Алеф» і адзін з найбуйнейшых забудоўшчыкаў горада. Раней ён рэгулярна ўваходзіў у спіс 100 самых багатых людзей Украіны па версіі Forbes. У 2019 годзе ён адмовіўся ад украінскага грамадзянства на карысць кіпрскага пашпарта.
У 2023 годзе Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны ўвяла супраць яго санкцыі тэрмінам на 10 гадоў. Па словах украінскіх уладаў, гэтыя меры былі звязаныя, у прыватнасці, з абвінавачаннямі ў тым, што частка яго бізнэсу працягвала дзейнасць у анексаваным Крыме пасля 2014 года.
Сам Ермалаеў публічна адмаўляў гэтыя абвінавачанні.
Старэйшы сын Ермалаева, Артур, стварыў сетку махлярскіх кол-цэнтраў, якія падманвалі жыхароў ЕС.